22 мая, аўторак
ЕВАНГЕЛЛЕ
Сын Чалавечы аддадзены будзе… Хто хоча быць першым, няхай будзе ўсіх слугою
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Езус і Яго вучні выйшлі і праходзілі праз Галілею, і Ён не хацеў, каб нехта ведаў. Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і забіты ўваскрэсне праз тры дні. Але яны не разумелі гэтых словаў, а баяліся ў Яго спытацца.
Прыйшоў Ён у Кафарнаум і, калі быў у доме, спытаўся ў іх: Пра што па дарозе вы разважалі? Яны маўчалі, бо па дарозе разважалі паміж сабою, хто большы.
Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і ўсіх слугою. Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: Хто прымае аднаго з такіх дзяцей у Маё імя, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне.
Гэта слова Пана.
Езус ужо другі раз прадказвае сваю муку і ўваскрасенне. Аднак вучні не разумеюць Ягоных словаў, і нават баяцца запытаць, што яны значаць. Для нас рэакцыя вучняў можа здавацца дзіўнай і незразумелай. Гэта ж тыя людзі, якія заўсёды побач з Езусам. Хто можа зразумець Яго лепш за апосталаў? Вучняў не цікавіць, што гаворыць Езус, яны занятыя сабой.
Ці ж не тое самае адбываецца з намі? Ня важна, як выглядае нашая сувязь з Богам. Ня важна, хто Ты: святар, манахіня альбо свецкі. Мы заўсёды клапоцімся пра сябе. Прыходзіць такі момант, калі мы пачынаем гэта заўважаць. Вельмі часта з’яўляюцца смутак, сорам, няўпэўненасць і нават адчай. І гэта добры момант, бо мы пачынаем адкрываць праўду пра сябе. Але гэта праўда не павінна нас забіваць. Яе заданне – дапамагчы нам палепшыць нашыя адносіны з Богам. Апосталы таксама не былі дасканалымі і прайшлі доўгі і складаны шлях, і ў канцы змаглі аддаць сваё жыццё за Хрыста.
Як я слухаю Словы Хрыста? Што раблю, калі чагосьці не разумею? Як прысутнасць Езуса змяняе маё жыццё?
Брат Ян Садоўскі OFMCap, Італія
- Праглядаў: 830