Skip to main content

21 мая, панядзелак. Свята Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла.

разважанні капуцынаў

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 19, 25-27

 «Каля крыжа Езуса стаяла Маці Ягоная»


Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена. Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў: Жанчына, вось сын Твой. Потым сказаў вучню: Вось Маці твая. І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе.

catholic.by

Сёння адзначаем чарговае свята, звязанае з Марыяй. Ніводзін святы на працягу літургічнага года не ўспамінаецца столькі разоў, як Марыя. Чаму Найсвяцейшая Панна так шануецца ў Касцёле?

Літургія Слова паказвае нам, што Марыя была побач з Езусам. Гэтая блізкасць вынікала не з Яе мацярынства, а з яе любові. Любоў Марыі дапамагла Ёй вытрымаць усе цяжкасці і застацца вернай Богу. Тая самая любоў чыніць тое, што Марыя дапамагае таксама людзям прыйсці да Бога.

Так, як ад самага пачатку Марыя клапацілася пра Касцёл, які толькі нараджаўся, так і цяпер апякуецца намі з Неба. Яна заўсёды была з Касцёлам: пакутавала пад крыжам, трывала на малітве з апосталамі, прыняла Святога Духа. Раздзяліла са сваім Сынам і Яго вучнямі ўсе цяжкасці і радасці. Марыя з’яўляецца для нас не толькі прыкладам, але таксама заступніцай. Звяртаемся да Яе, як да нашай Мамы. Мама заўсёды выслухае, зразумее і суцешыць. Марыя разам з намі моліцца да Бога ў нашых інтэнцыях.

Як выглядаюць мае адносіны з Богам? Ці я заўсёды побач з Ім? Чаму я магу навучыцца ад Марыі?

Брат Ян Садоўскі OFMCap, Італія

  • Праглядаў: 2022