Skip to main content

20 мая, Урачыстасць Спаслання Духа Святога.

Браты капуцыны

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 20, 19–23

Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас, прыміце Духа Святога

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.

Гэта слова Пана.

catholic.by

У сённяшнім Евангеллі Езус прыходзіць да вучняў у найгоршы момант. Яны закрыліся. Баяцца. Магчыма, што не ведаюць, што цяпер рабіць. Напэўна, гэты першы дзень тыдня быў для апосталаў цяжкім і няпростым. І вось вечарам, калі ўсе былі стомленыя, поўныя страху і няўпэўненасці адносна таго, што з імі будзе, прыходзіць Уваскрослы Езус і кажа: «Спакой вам!» Так проста. І зноў паўтарае: «Спакой вам!» І адразу пасылае сваіх вучняў. Дае ім Святога Духа, які будзе спадарожнічаць апосталам, кіраваць імі і падтрымліваць у цяжкія хвіліны.

Тое, што ў нашым жыцці здараюцца дрэнныя дні, тыдні ці нават месяцы – гэта нармальна. Мы ж звычайныя людзі. Нават апосталы не справіліся са сваімі страхамі: адзінаццаць дарослых мужчын схаваліся, закрыліся ад цяжкасцяў, якія маглі іх спаткаць. І гэтыя паводзіны мы можам зразумець. А вось прыняць і паверыць у тое, што ў гэты момант да нас прыходзіць Уваскрослы Езус, не так проста. Але Ён гэта робіць! Проста ўваходзіць і прыносіць спакой. І нават больш: не чакае, што мы збярэмся, адчуем сябе лепей. Не. Езус адразу дае Святога Духа і пасылае нас. Страх і неспакой закрываюць нас, робяць нас самотнымі. Езус выводзіць нас з гэтай ізаляцыі і дае нам Духа, каб мы не былі адныя. А тое, якія вялікія справы здзяйсняе Дух Святы, мы можам убачыць у жыцці святых, нашых блізкіх і ў нашым уласным жыцці.

Ці я малюся аб дарах Святога Духа? Ці давяраю Святому Духу кіраванне маім жыццём? Ці бачу, як Ён дзейнічае ў маім жыцці?

Брат Ян Садоўскі OFMCap, Італія

  • Праглядаў: 1574