Skip to main content

18 мая, пятніца

Браты капуцыны

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 21, 15–19

Пасі ягнят Маіх, пасі авечак Маіх

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Калі Езус з’явіўся cваім вучням і снедаў разам з імі, сказаў Сымону Пятру: Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны? Той адказаў Яму: Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Езус кажа яму: Пасі ягнят Маіх. 

Зноў кажа яму другі раз: Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне? Ён адказаў: Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе? Езус кажа яму: Пасі авечак Маіх.

І кажа яму трэці раз: Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне? Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго “ці любіш ты Мяне?”, і сказаў: Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе.

Езус кажа яму: Пасі авечак Маіх. Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарышся, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража і павядзе, куды не хочаш.

А гаварыў так, каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў, кажа яму: Ідзі за Мной!

Гэта слова Пана.

catholic.by

Часамі пасля споведзі з нейкіх грахоў, сумленне ўсё ж такі не дае спакою. Можа нават скласціся ўражанне, нібыта грэх не прабачаны. Магчыма, нешта падобнае давялося спазнаць на сабе і Сымону Пятру. Вогнішча, распаленае Хрыстом на беразе возера, асацыявалася з вогнішчам, каля якога ён раней здрадзіў Настаўніку (Ян 18, 25; Ян 21, 9). Нават нягледзячы на тое, што ўваскрослы Езус чарговы раз прыйшоў і еў з ім, здавалася, аднак, што кляймо здрадніка давядзецца насіць да канца жыцця. Таму Езус задае яму такія пытанні, дзякуючы якім прагучала штосьці нашмат важнейшае, чым ягоны грэх, – пакліканне і любоў.

Езус не ўзгадвае пра былую здраду Сымона непасрэдна, бо той і сам сябе дастаткова дакарае. Пра мінулае Хрыстос узгадвае толькі ўскосна, калі кажа прынесці рыбы, што цяпер налавілі (Ян 21, 10). Быў калісьці такі дзень у жыцці Пятра, калі ён трымаў сетку, перапоўненую рыбай. Хрыстос тады сказаў яму: «Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей» (Лк 5, 10). Нашмат больш увагі Хрыстос прысвячае пытанню пра цяперашнюю і будучую любоў Пятра. Тры разы гучыць: «Ці любіш ты Мяне?». Але прынамсі тры факты з мінулага сведчаць, што не любіць. Тым не менш, у гэты канкрэтны момант ён прымае рашэнне сказаць, што любіць. Хрыстос кожны раз фактычна паўтарае тое, што сказаў у дзень паклікання – будзь лаўцом людзей і пастырам. Езус ачышчае Пятра ад кляйма здрадніка і дае кірунак на будучыню: «Ідзі за Мной». Пройдуць гады, і Пётр сапраўды застанецца верным Настаўніку аж да крыжовай смерці. Шмат разоў ягонае «люблю» пацвердзіцца ў канкрэтных фактах.

Ці не здаюся я пасля якой-небудзь нявернасці Хрысту і свайму пакліканню? Ці не згаджаюся заставацца ў статусе здрадніка? Ці вяртаюся памяццю ў тыя падзеі, калі вырашыў свядома ісці за Хрыстом і Ягоным словам? Якія рашэнні сёння прымаю на будучае крочанне за Езусам?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 1011