Skip to main content

17 мая, чацвер

Браты капуцыны

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 17, 20–26

Каб былі з’яднаныя ў адно 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: Ойча святы, не толькі за іх прашу Я, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.

Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне перад заснаваннем свету.

Ойча справядлівы, свет Цябе не пазнаў, а Я пазнаў Цябе, і гэтыя пазналі, што Ты паслаў Мяне. Я абвясціў ім Тваё імя, і абвяшчаць буду, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Не выпадкова чалавецтва на працягу ўсёй сваёй гісторыі шукае эфектыўныя спосабы дасягнення адзінства. Людзі заўсёды намагаліся нейкім чынам яднацца ў кланы і плямёны, княствы і імперыі. Аднак усе спробы яднання людзей з дапамогай агрэсіўнай уніфікацыі заканчваюцца ў лепшым выпадку будаваннем яшчэ вышэйшых сценаў між людзьмі, а ў горшым выпадку прыводзяць да генацыдаў. Аднак нават нягледзячы на трагічныя няўдачы, людзі не перастаюць сумаваць па першасным аздінстве. Чаму першасным? Таму што Бог стварыў нас паводле свайго вобразу і падабенства - гэта значыць, па вобразе адзінства Святой Тройцы. Гэтае імкненне ўпісана дзесьці глыбока ў саму прыроду чалавека. Больш за тое, нават людская асоба ў ідэале тасама з’яўляецца адзінствам духа, душы і цела (1Тэс 5, 23).

На фоне гэтых спрадвечных чалавечых прагненняў Бог пасылае ў свет свайго Сына, каб праз Яго паказаць, якое адзінства па-сапраўднаму трывалае. “Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне”. Адзінства ў Богу заключаецца ў тым, што Асобы Святой Тройцы даюць сябе, сваю іншасць, не перамяняючы астатніх у сябе. Айцец не ёсць Сынам ці Духам Святым, Сын не ёсць Айцом ці Духам Святым, Дух Святы не ёсць Айцом ці Сынам, але Бог ёсць адно ў сваёй разнастайнасці.

Свету жыццёва неабходна ўбачыць менавіта такое адзінства, каб змог паверыць, што Бог ўсё ж такі паслаў Збаўцу, які ратуе ад пракляцця падзелаў і ўзаемазнішчэнняў. Свет можа пераканацца, толькі калі ўбачыць такую супольнасць хрысціян, дзе разам сабраныя бедны і заможны, адукаваны і просты, беларус і паляк... Патрэбна такая супольнасць, дзе ніхто не намагаецца “выраўняць” іншага чалавека пад свой шаблон. Гэта такая супольнасць, дзе справядлівасць заключаецца не ў роўнасці, а ў бязмежнай узаемнай любові. Супольнасць, дзе кожны застаецца сабой, але гатовы даваць сябе і прымаць іншых. Таму Хрыстос моліцца за нас такімі словамі: “Каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне”.

Наколькі гарманічнай асобай я з’яўляюся ў адносінах паміж духам, душой і целам? Ці не ўпадаю я ў якіясьці крайнасці: нецярпімасць да звычайнай іншасці людзей або талерантнасць нават да зла? Дзеля чаго чаго я хацеў бы адбудаваць адзінства?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 658