16 мая, серада
ЕВАНГЕЛЛЕ
Каб былі з’яднаныя ў адно
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: Ойча святы, не толькі за іх прашу Я, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.
Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне перад заснаваннем свету.
Ойча справядлівы, свет Цябе не пазнаў, а Я пазнаў Цябе, і гэтыя пазналі, што Ты паслаў Мяне. Я абвясціў ім Тваё імя, і абвяшчаць буду, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх.
Гэта слова Пана.
Калі музыкант вучыць свайго вучня граць, часамі яму даводзіцца паказваць, якое месца было выканана фальшыва. Вучань, вядома, можа і паспрачацца з педагогам – маўляў, і так добра, гэта ж творчая інтэрпрэтацыя, што нібыта настаўнік чапляецца да дробязяў. Але класічны твор не церпіць фальшу, трэба быць верным партытуры, створанай кампазітарам. Тады разам з настаўнікам глядзяць у ноты, і вучань з цягам часу становіцца віртуозам. Запісаная ў матэматыцы нотаў праўда выхоўвае ў ім пачуццё гармоніі і густу настолькі, што пазней можна нават па-майстэрску імправізаваць у джазавым квартэце.
Абурае нас і засмучае, што ў свеце яшчэ столькі зла і несправядлівасці. Паасобныя людзі і цэлыя дзяржавы вядуць паміж сабой войны, змагаючыся за «сваю праўду». Паўстае пытанне: чаму так? Можа таму, што, не навучыўшыся сузіраць Божую праўду, людзі спрабуюць па-свойму імправізаваць у прыватным і грамадскім жыцці. Сцвярджаюць, нібыта ў кожнага свая праўда, што ў гэтым аркестры кожны можа граць, не гледзячы ў ноты і не слухаючы іншых.
Езус перад сваёй смерцю, уваскрасеннем і ўнебаўшэсцем моліць Айца за сваіх вучняў: «Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё – гэта праўда. Як Ты паслаў Мяне ў свет, так і Я паслаў іх у свет. І за іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвечаныя ў праўдзе». Вандруючы тры гады за Хрыстом, вучні слухалі Езуса, назіралі, як Ён супрацоўнічае са сваім Айцом. Ён абвясціў ім праўду пра Бога, пра чалавека і свет. Калі ж чалавек і свет перастаюць быць такімі, якімі Бог іх задумаў і стварыў сваім Словам, тады атрымліваецца фальш. Таму зло і несправядлівасць у свеце можа быць пераадолена толькі дзякуючы аб’ектыўнай Божай праўдзе.
Што аказвае большы ўплыў на фарміраванне майго сумлення: рэлятывізмы сучаснага свету ці праўда Божага слова? Ці ўмею ўжо адрозніваць Божую праўду ад какафоніі сучасных ідэалогіяў? Ад каго я вучуся жыць: ад свецкіх «аўтарытэтаў» ці ад святых?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Праглядаў: 796