Skip to main content

14 мая, панядзелак. Свята св. Мацея, Апостала.

разважанні

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 15, 9–17

Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас 

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові.

Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.

Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.

Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.

Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Абрагам, Майсей, Гедэон, Давід, Сымон Пётр, Павел, Юда Іскарыёт… Мацей. У гэтым шэрагу сабраныя імёны толькі некаторых з тых, каго па-чалавечы не варта было выбіраць на такія адказныя заданні. Тым не менш, Бог менавіта гэтых “неідэальных” і выбраў. У Кнізе Дзеяў Апосталаў апісваецца ўстанаўленне новага Апостала з двух прадстаўленых кандыдатаў. Адзін з іх прадстаўлены так: “Юзаф, якога звалі Барсабам, а празывалі Справядлівым”. Другі ж кандыдат прадстаўлены вельмі проста: “Мацей”. Дык вось, Бог выбраў проста Мацея.

Не магчыма поўнасцю спасцігнуць думкі Бога, чаму гэта Ён так своеасабліва падбірае сваіх пасланнікаў. Ды і напэўна ў кожным чалавеку ёсць нейкія індывідуальныя асаблівасці, незаўважальныя звонку. Дакладна аднак вядома, што Бог мае такую моц, што нават слабыя людзі могуць споўніць грандыёзныя планы Бога. Можа таму ў слабых як раз і атрымліваецца рабіць рэчы вялікія, бо яны пакорна разумеюць абмежаванасць сваіх магчымасцяў. Гэтая пакора ў сваю чаргу, дазваляе адкласці свае смешныя амбіцыі на карысць Божых планаў.

Ідуць гады, а мы не гледзячы на ўласныя недасканаласці працягваем выконваць сваё пакліканне – хтосьці ў сужэнстве, хтосьці ў манастве ці святарстве. Раней ці пазней настае крызіс з характэрнымі для яго сумненнямі: “Можа я памыліўся? Можа не дам рады? Ці не пераацаніў я свае магчымасці? Ці не зашмат я на сябе ўзяў?” Пераадолець гэтыя спакусы магчыма тады, калі нанава ўсвядомім сабе, што гэта не я “на сябе ўзяў”, гэта Бог паклікаў, а Касцёл пацвердзіў. І ніякай памылкі тут няма. “Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў”.

Ці не засяродзіўся я празмерна на ўласных недасканаласцях, забываючыся пра Божую моц? Выконваючы добрыя справы, ці памятаю, што гэта Бог кліча і дае сваё натхненне? Ці дзякую Богу ў тыя моманты, калі бачу, як Ён у маіх намаганнях кампенсуе мае недахопы?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 992