13 мая, нядзеля
ЕВАНГЕЛЛЕ
Каб яны былі адно, як і Мы
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы. Калі Я быў з імі, Я захоўваў іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне. Я збярог, і ніхто з іх не загінуў, апроч сына пагібелі, каб збылося Пісанне.
А цяпер іду да Цябе і кажу гэта ў свеце, каб яны мелі ў сабе поўную Маю радасць. Я даў ім слова Тваё, і свет узненавідзеў іх, бо яны не са свету, як і Я не са свету. Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, але каб захаваў іх ад злога. Яны не са свету, як і Я не са свету.
Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё — гэта праўда. Як Ты паслаў Мяне ў свет, так і Я паслаў іх у свет. І за іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвечаныя ў праўдзе.
Гэта слова Пана.
Бывае, што чалавек, перапоўнены любоўю і захапленнем іншай асобай, гатовы амаль няспынна расказваць пра сваю любоў сябрам ці сваякам. Вядома, ў любові ёсць такія інтымныя старонкі, якія нармальны чалавек трымае ў сэрцы толькі для сябе. Але ж ёсць і штосьці такое, пра што хацелася б спяваць усяму свету. Так бывае, напрыклад, з закаханымі - калі чалавек з захапленнем расказвае сябрам пра сваю каханую. Або якаясьці мама ці бабуля гатова гадзінамі расказваць сяброўкам пра дасягненні свайго сына ці ўнука. Можа проста любоў мае такую ўласцівасць, што калі яе многа, перастае памяшчацца ў адным сэрцы?
Чытаючы Евангелле, складана не заўважыць, што з Езусавых вуснаў амаль ніколі не сыходзіць імя Ягонага нябеснага Айца. Можа нават скласціся ўражанне, быццам Ён калі штосці і гаворыць, то гэта заўсёды словы пра Айца, а калі штосці і чыніць, гэта заўсёды ў імя Айца. Як вінаградныя гронкі спеюць у прамянях сонца, так Езус увесь час трымае сваіх вучняў у прамянях Божага імені. Ён як быццам бы хацеў усіх у свеце пераканаць: “Пакаштуйце і ўбачыце, які добры Госпад!” (Пс 34[33]). Нават калі Езус бачыць, што набліжаецца гадзіна, калі павінен будзе замоўкнуць, тады просіць Айца: “Захавай іх у імені Тваім. Калі Я быў з імі, Я захоўваў іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне.”
Аднак ва ўсім гэтым праяўляецца не толькі перапоўненасць Хрыстовага Сэрца. Калі Езус вымаўляе імя свайго Айца, яно выражае штосьці непараўнальна большае, чым нават тое, што выразіла калісьці імя “Я ЁСЦЬ”, вымаўленае Майсеем (Зых 3, 13-15). Езусавы словы выражаюць любоў і еднасць “унутры” Святой Тройцы. Вось гэтай еднасцю Хрыстос і хоча падзяліцца з усім светам. “Захавай іх у імені Тваім, каб яны былі адно, як і Мы”. Гэта азначае, што калі мы сапраўды хочам будаваць еднасць між сабой, нам жыццёва неабходна заставацца ў прамянях Божага імені. Хрыстос запрашае зазірнуць быццам ў сярэдзіну Святой Тройцы, каб мы глядзелі на еднасць паміж Айцом і Сынам, і маглі таксама любіць адны другіх у гэтым жа Духу.
Ці дастаткова я ўважлівы, каб бачыць прыгажосць і вартасць іншых людзей? Колькі ўва мне руплівасці ў абвяшчэнні свету Божага імені? На якія мадэлі адзінства я арыентуюся, будуючы зносіны з іншымі?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Праглядаў: 1081