Skip to main content

12 мая, субота

разважанні

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 16, 23b–28

Айцец любіць вас, бо вы Мяне палюбілі і паверылі 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі чаго ў імя Маё папросіце ў Айца, дасць вам. Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя Маё. Прасіце і атрымаеце, каб радасць вашая была поўнай.

Гэта Я казаў вам у прыпавесцях. Надыходзіць гадзіна, калі ўжо не ў прыпавесцях буду казаць, а адкрыта абвяшчу вам пра Айца. У той дзень будзеце прасіць у імя Маё. І не кажу, што Я буду прасіць Айца за вас, бо сам Айцец любіць вас, бо вы Мяне палюбілі і паверылі, што Я выйшаў ад Бога.

Я выйшаў ад Айца і прыйшоў у свет. Зноў пакідаю свет і іду да Айца.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Час ад часу язычнікі (у тым ліку і ахрышчаныя) просяць святароў: «Падкажыце, калі ласка, якая малітва самая моцная?» Маецца на ўвазе нейкая таемная тэхніка, якой можна было б шаманіць у Бога любыя даброты па індывідуальным заказе. Ну, скажам, хочаш там, напрыклад, «шчасця-здароўя», прамовіў малітву – і Бог дасць, нікуды не дзенецца. Фактычна, гэтыя людзі наіўна думаюць, што існуюць нейкія эфектыўныя метады шантажаваць Бога.

Езус кажа сваім вучням: «Калі чаго ў імя Маё папросіце ў Айца, дасць вам». Здавалася б, вось яно, эфектыўнае закляцце! Аднак калі прыгледземся больш уважліва, становіцца зразумела, што Езус зусім інакш вучыць нас кантакту з Айцом. Бог сапраўды з радасцю хоча даваць свае дары, каб людзі з удзячнасцю іх прымалі, але гэта адбываецца як прыемны бонус да асноўнага дару – адзінства з Езусам: «Сам Айцец любіць вас, бо вы Мяне палюбілі і паверылі, што Я выйшаў ад Бога». Калі Бог бачыць, што чалавек у сваё жыццё запрашае Ягонага Сына, калі прымае Яго як свайго Госпада, то такі чалавек становіцца кімсьці вельмі блізкім для Бога. Гэта і ёсць самае вялікае багацце для кожнага чалавека. Інакш кажучы, Сын Божы вучыць нас не магічным тэхнікам, а вучыць як Быць сынамі Богу.

Колькі яшчэ ўва мне язычніцкага магізму ў адносінах з Богам? Якія высновы раблю з факту, што Бог часамі «не чуе» маіх просьбаў? Ці вучуся я малітве ў «Езусавым стылі» – па-сыноўску?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 769