11 мая, пятніца
ЕВАНГЕЛЛЕ
Радасці вашай ніхто не адбярэ
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы будзеце плакаць і галасіць, а свет будзе радавацца. Вы будзеце смуткаваць, але смутак ваш зменіцца ў радасць.
Жанчына, калі нараджае, смуткуе, што прыйшла яе гадзіна. Калі ж народзіць дзіцё, ужо не памятае з радасці пра боль, бо чалавек нарадзіўся на свет.
Так і вы цяпер смуткуеце, але Я зноў убачу вас, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасці вашай ніхто не адбярэ ў вас. І ў той дзень вы ні пра што не будзеце ў Мяне пытацца.
Гэта слова Пана.
Шмат разоў гэтая схема ў нашым жыцці паўтараецца: «Ідучы, ідуць і плачуць, несучы зерне на пасеў. Вяртаючыся ж, ідуць з радасцю, несучы свае снапы» (Пс 126, 6). Усё, што ў жыцці па-сапраўднаму каштоўнае, дасягаецца працай, часта нават слязьмі і потам. Гэтак з адукацыяй, сям’ёю, краінаю і любой іншай каштоўнасцю. Нават калі мы атрымліваем штосьці як дар, усё роўна трэба яго абараніць ад небяспекі страты, бо інакш проста не будзем яго цаніць. Адным словам, любая каштоўнасць неразрыўна звязана з большымі або меншымі пакутамі.
Гэтая заканамернасць датычыць і той вялізнай каштоўнасці, якой з’яўляецца перамога Хрыста над смерцю. Яна нялёгка далася Яму і Ягоным блізкім. Езус сваю смерць і ўваскрасенне прадвяшчае так: «Вы будзеце плакаць і галасіць, а свет будзе радавацца». Так пазней і сталася, бо ворагі Езуса радаваліся, што нарэшце знішчылі Яго. А тыя, хто столькі надзей усклаў на Яго, плакалі па Ім, стоячы на руінах свайго жыцця. Пачуццё невыказнай пакінутасці і адзіноты — як перажыць такое? Напэўна, падобным чынам, як жанчына перажывае страх перад родамі. Яна ўсведамляе, што гэта нармальна — дарога да радасці пралягае праз пакуты. «Вы будзеце смуткаваць, але смутак ваш зменіцца ў радасць». Трэба памятаць — якім бы моцным ні быў смутак, радасць ўрэшце рэшт усё роўна будзе мацнейшая. Смутак абавязкова пройдзе, а вось «радасці вашай ніхто не адбярэ ў вас».
Ці не паддаюся я спакусе шукаць «таннае шчасце» без пакутаў і цяжкасцяў? Ці не спрабую я будаваць сваё шчасце на пакутах іншых людзей? Ці не капрызнічаю, калі прыходзіць пачуццё пакінутасці Богам?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Праглядаў: 880