9 мая, серада
ЕВАНГЕЛЛЕ
Дух праўды навучыць вас усёй праўдзе
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вам гэтага не знесці. Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, навучыць вас усёй праўдзе. Бо не ад сябе будзе прамаўляць, а будзе казаць вам усё, што пачуў, і будучыню абвесціць вам. Ён уславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесціць вам.
Усе, што мае Айцец, гэта маё. Таму Я сказаў вам, што з Майго возьме і абвесціць вам.
Гэта слова Пана.
Многія маладыя спецыялісты, прыходзячы пасля вучобы на працу, думаюць, што ўсяму ўжо навучыліся ва ўніверсітэце, а кемлівасць і працавітасць дапамогуць добра працаваць. З цяжкасцю прымаюцца іранічныя заўвагі старэйшых, больш вопытных калегаў, маўляў, «жыццё цябе яшчэ навучыць…».
Вучні Езуса на працягу трох гадоў слухалі Ягоныя словы, глядзелі, як Ён ставіцца да людзей, як чыніць цуды і адкрывае ім аблічча свайго Айца. Здавалася б, у іх быў найлепшы з магчымых педагогаў. Тым не менш, Езус на гэтым этапе, з аднаго боку, развейвае іх моладзевую наіўнасць, а з іншага боку, яшчэ больш распальвае іх энтузіязм. «Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вам гэтага не знесці… Дух праўды навучыць вас…». Яны пойдуць у свет і павінны будуць карыстацца не толькі раней засвоенымі ведамі, але і вучэннем Духа праўды, які далей будзе сыходзіць на іх.
Варта, аднак, заўважыць, што гэта не жыццё павінна вучыць хрысціянаў, а менавіта Дух Святы. Калі нас фармуюць выключна знешнія акалічнасці, мы становімся не больш чым канфармістамі, якія паддаюцца той форме, якой свет ад іх дамагаецца. Адзіны з Апосталаў, якога «жыццё навучыла» назаўсёды – гэта Юда Іскарыёт. Ён аказаўся паслухмяны не Духу Хрыста, а патрабаванням свету, які больш хацеў мець палітычнага лідэра чым Міласэрнага Бога.
«Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, навучыць вас усёй праўдзе. Бо не ад сябе будзе прамаўляць, а будзе казаць вам усё, што пачуў, і будучыню абвесціць вам». Напэўна, немагчыма раз і назаўсёды навучыцца быць хрысціянінам, таму гэты працэс усцяж трывае. Дух Святы, нягледзячы на нашыя памылкі, стагоддзямі прамаўляе да Касцёла, нагадвае пра Божы праект для чалавека і свету. Аднак кожны сам асабіста выбірае, ад каго вучыцца і хто будзе фармаваць яго светапогляд.
Ці ёсць ува мне маладосць Духа Святога, ці не «прагнуўся я пад зменлівы свет»? Ці дазваляю я Духу Святому вучыць мяне праз малітву, Слова Божае, сакрамэнты Касцёла?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Праглядаў: 1015