Skip to main content

5 мая, субота

разважанні

 ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 15, 18–21

Вы не са свету, бо Я выбраў вас са свету

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі свет вас ненавідзіць, ведайце, што свет узненавідзеў Мяне раней за вас. Калі б вы былі са свету, свет любіў бы вас, як сваё. А паколькі вы не са свету, бо Я выбраў вас са свету, таму свет і ненавідзіць вас.

Памятайце пра слова, якое Я сказаў вам: слуга не большы за свайго гаспадара. Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць. Калі слова Маё захавалі, то і вашае захаваюць. Але ўсё гэта будуць рабіць вам за імя Маё, бо не ведаюць таго, хто паслаў Мяне.

Гэта слова Пана.

catholic.by

У кантэксце сённяшняга Евангелля прывядзём некаторыя лічбы, за якімі стаяць лёсы нашых братоў і сясцёр у Хрысце з розных эпох і краін. Паводле рапартаў розных міжнародных арганізацый, у наш час больш чым у 70 краінах свету хрысціяне сутыкаюцца з ганеннямі і рознага роду агрэсіяй. Ад пачатку існавання хрысціянства каля 70 мільёнаў веруючых было замучана за вернасць Хрысту. За адно толькі ХХ стагоддзе загінула 45 мільёнаў хрысціян, атрымліваецца ў сярэднім 1246 ў дзень. Гэта прыблізныя, “бяспечна” заніжаныя ацэнкі, бо ў шматлікіх краінах свету адсутнічаюць адназначныя дадзеныя па перапісе насельніцтва.

Паводле дадзеных на пачатак 2018 года (арганізацыя Open Doоrs), першае месца за апошнія 16 год у гэтым жахлівым рэйтынгу займае Паўночная Карэя, дзе ў падполлі жывуць каля 300 тысяч хрысціян, з якіх каля 70 тысяч знаходзяцца ў лагерах. Другое і трэцяе месца ў спіску займаюць Афганістан і Самалі.

Аднак з рознымі формамі дыскрымінацыі з-за веры сутыкаюцца і хрысціяне шматлікіх Еўрапейскіх краін. Гэта прыцясненні ў грамадскім жыцці, ціск па маральна-этычных матывах на працы, вандалізмы месцаў культу, напады на святароў і кансэкраваных асобаў. З 2005 па 2015 год зарэгістравана больш за 1600 фактаў розных формаў дыскрымінацыі хрысціянаў у Еўропе.

На першы погляд здаецца, што гэта праявы “хрысціянафобіі”. Аднак з сённяшняга Евангелля вынікае, што насамрэч гэта “хрыстафобія”, бо гэта імя Хрыста выклікае такую агрэсію свету. Імя гэтае часта ў гісторыі палохала ўладароў і ідэолагаў. Яны змагаліся з Хрыстом, а забівалі хрысціянаў, і наадварот – змагаюцца з хрысціянамі, а забіваюць Хрыста. Але супярэчнасці ў гэтым няма, бо Хрыстос і Яго Касцёл – адно. Трэба, аднак, памятаць, колькі б разоў свет не забіваў Хрыста, Ён ціха паміраў, а потым жывы вяртаўся ў славе. А сведчанні і малітвы мучанікаў, як ні дзіўна, толькі ўзмацняюць тых хрысціянаў, якія яшчэ слабыя ў сваёй веры.

 Ці памятаю я ў малітвах пра Касцёл, які пакутуе ў розных месцах свету? Магчыма, на працы, вучобе ці ў сям’і я адчуваю нейкую непрыязнь з-за маёй веры. Ці мог бы я гэта ахвяраваць Богу ў інтэнцыі маіх пакутуючых братоў? Калі пад націскам свету мая вера хістаецца, ці звяртаюся я па дапамогу да святых мучанікаў?

 Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 851