2 мая, серада
ЕВАНГЕЛЛЕ
Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне.
Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яна згарае. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым уславіцца Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі.
Гэта слова Пана.
Каб атрымаць добры ўраджай, вінаградары часам прымяняюць метад прывівання. Робіцца гэта такім чынам, што ў зрэзаны пень расліны з моцнымі каранямі ўшчапляюць кволы, але прагны жыцця парастак. Поспех гэтай аперацыі залежыць ад таго, наколькі трывала галінка зрасцецца з жыццядайнай лазой. Гэта прыгожы, крыху хвалюючы працэс, калі вінаградар сочыць, каб ўсе галінкі перш прыжыліся, а потым і далі плады.
“Я - вінаградная лаза, вы – галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць.” Гэта азначае, што трыванне ў Хрысце з’яўляецца неабходнай умовай для нашай пладавітасці. Прычым датычыць гэта як пладавітасці ў нашай сям’і ці працы, так і пладавітасці ва ўнутраным жыцці, ва ўзрастанні ў цнотах.
Трэба, аднак, памятаць, што ад нашай еднасці з Хрыстом залежыць не толькі эфектыўнасць нашых жыццёвых высілкаў, але нават і само жыццё. “Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яна згарае.” Вядома, калі галінка адпадае ад лазы, яна нават жыць не можа, не кажучы ўжо пра плоданашэнне. Падобным чынам і чалавек – калі ён сваімі рашэннямі адпадае ад Бога, яго жыццё марнее, зводзіцца толькі да пэўных часовых межаў. У барацьбе за выжыванне ў свеце, а таксама ў барацьбе са сваімі грахамі сілаў уласнай волі хапае толькі на нейкі час, а пазней вечная смерць і пякельны агонь непазбежныя.
Гэты вобраз вінаграднай лазы і галінак вельмі яскравы, і таму досыць трапна выражае праўду пра тое, што нам неабходна рэгулярна маліцца, спавядацца, слухаць Евангелле і жывіцца Эўхарыстыяй. Гэта таксама прыгожы працэс нашага з’яднання з Богам, пра які святы апостал Павел кажа: “У Ім мы жывём, рухаемся і існуём” (Дз 17, 28).
Што або хто мяне натхняе, каб жыць і развівацца? Калі надыходзіць дэфіцыт радасці і надзеі, чым я гэта кампенсую? Якім чынам я падрымліваю сваё трыванне ў Хрысце?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Праглядаў: 788