Skip to main content

29 красавіка, нядзеля

разважанні

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 15, 1–8

Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне.

Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яна згарае. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым уславіцца Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Калі чуем метафару пра Езуса як сапраўдную вінаградную лазу, звычайна засяроджваем сваю ўвагу на «Яго» галінах і пладах, бо гэта сапраўды важная тэма. Хрыстос, аднак, прыадкрывае тут яшчэ і нейкую глыбінную радасць Бога з-за чалавека, а з іншага боку таксама смутак, калі хтосьці не хоча трываць ў Хрысце, «засыхае» і трапляе ў агонь.

Каб зразумець радасць вінаградара, які трымае ў руках кошык сакавітых гронак вінаграду, напэўна, трэба ўзгадаць цэлы працэс якой-небудзь нашай працы. Калі мы рукамі і розумам старанна працавалі над нейкім праектам, уклалі ў яго мноства часу і энергіі. Даводзілася пераадольваць сумненні, калі штосьці не выходзіла. Можа, нават дакучалі пытанні: які сэнс гэтага майго «вінаградніка», ці будзе нейкі вынік? Аднак потым надыходзіла свята ўраджаю, і цяжар працы замяняўся на цяжар поўных кашоў.

Магчыма, нешта крыху падобнае адчувае Бог, калі глядзіць на Езусавых вучняў. Нябесны Айцец, быццам той вінаградар, і сёння вельмі шмат любові інвестуе ў Касцёл! Па-першае, зашчапіў яго ў сапраўдную Лазу – свайго Сына, Які шчодра жывіць сваім Духам Святым. Па-другое, ачышчае сваім словам ад пустазелля граху, смутку і роспачы. І, нарэшце, спаўняе таксама просьбы, якія прыходзяць да Яго праз Сына.

Сэнс існавання вінаградных галінак у тым, каб яны ажно прагіналіся ад цяжкіх гронак вінаграду. Гэта плады любові, прабачэння, міласэрнасці, вялікадушнасці і мноства іншых цнотаў. Тады і сама Лаза не траўміруецца з-за выдалення бясплодных галінак, і Вінаградар услаўляецца.

Калі я паспрабую паглядзець на сябе і сваё жыццё вачыма Бога, то якія галіны майго жыцця акажуцца пладавітымі, а якія засыхаюць? Што яшчэ павінна быць ачышчана Божым словам ў маіх думках, словах ці ўчынках?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 814