Skip to main content

21 красавіка, субота

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 6, 60–69 

Да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Многія з вучняў Езуса казалі: Цяжкая гэтая мова. Хто можа яе слухаць?

Але Езус, ведаючы, што вучні Ягоныя наракаюць на гэта, сказаў ім: Ці гэта спакушае вас? А калі ўбачыце Сына Чалавечага, які будзе ўзыходзіць туды, дзе быў раней? Дух ажыўляе, цела ж ні на што не прыдатнае. Словы, якія Я кажу вам, ёсць духам і жыццём. Аднак ёсць між вас тыя, хто не верыць. Бо Езус ад пачатку ведаў, хто не верыць і хто Яго выдасць. І сказаў: Для таго Я  сказаў вам, што ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі гэта не будзе дадзена яму Айцом. 

З гэтага часу многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім. Тады Езус сказаў Дванаццаці: Ці вы таксама хочаце адысці? 

Адказаў Яму Сымон Пётр: Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага. А мы паверылі і спазналі, што Ты ёсць Святы Бога.

Гэта слова Пана.

catholic.by

“Сыны чалавечыя, дакуль жа будзеце цвёрдыя сэрцам?” (гл. Пс 4,3) Няўжо не ведаеце праўды і не верыце ў Сына Божага (гл. Ян 9, 35)? Вось, Ён штодзённа прыніжае сябе (гл. Флп 2, 7), падобным чынам як тады, калі з каралеўскіх тронаў (Мдр 18, 4) прыйшоў ва ўлонне Панны. Штодзённа прыходзіць да нас ва ўбогай постаці. Штодзённа сыходзіць з улоння Айца (гл. Ян 1, 18) на алтар у руках святара. І як паказаўся Святым Апосталам у сапраўдным целе, так і зараз паказваецца нам у святым Хлебе. І як яны сваім цялесным зрокам бачылі толькі Яго цела, але верылі, што Ён Бог, бо спаглядалі вачамі духа, так і мы, бачучы хлеб і віно цялеснымі вачыма, будзем намагацца бачыць і цвёрда верыць, што гэта Яго жывое і сапраўднае Найсвяцейшае Цела і Кроў. І так заўсёды Пан  прабывае з веруючымі, як сам кажа: Вось Я з вамі ажно да сканчэння свету (гл. Мц 28,20).

Св. Францішак Ассізскі. Настаўленні. 1. Цела Пана.

  • Праглядаў: 794