19 красавіка, чацвер
ЕВАНГЕЛЛЕ
Я хлеб жывы, які сышоў з неба
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў народу: Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Айцец Мой, які паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. У прарокаў напісана: Усе будуць навучаны Богам.
Кожны, хто чуў ад Айца і навучыўся, прыйдзе да Мяне. Гэта не значыць, што хтосьці бачыў Айца; толькі той, хто ад Бога, бачыў Айца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае.
Я ёсць хлеб жыцця. Айцы вашыя елі манну ў пустыні і памерлі. А гэта — хлеб, які сыходзіць з неба, каб той, хто есць яго, не памёр. Я хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта цела Маё дзеля жыцця свету.
Гэта слова Пана.
Прад Богам людзі часамі паводзяць сябе як дурненькія ўбунтаваныя падлеткі, якія ў бацьках бачаць пагрозу сваёй свабодзе. Тады Божы закон і Ягоная воля ўяўляюцца ім як бацькоўскі капрыз, а не праява любові. Парушэнне правіл трэба старанна хаваць, бо могуць пакараць, чагосьці там пазбавіць. Такі падлетак хоць і сын свайму бацьку, але паводўіць сябе не па-сыноўску, уцякае ад бацькоўскай любові. Калі ставімся да Бога падобным чынам, то сапраўдны вобраз Айца затуманьваецца нашым бунтам.
“Гэта не значыць, што хтосьці бачыў Айца; толькі той, хто ад Бога, бачыў Айца”. Езус, паслухмяны Сын свайго Айца, бачыць Бога абсалютна выразна. Ён, быццам наш старэйшы брат, запрашае і нас быць сынамі з падобнай паслухмянасцю, як у Яго. Толькі калі згодзімся быць сынамі для Бога, здолеем спасцігнуць, наколькі Бог па-сапраўднаму Айцец.
Ці стаў я дарослым ў адносінах з Нябесным Айцом? Чым для мяне з’яўляецца статус божага дзіцяці – яшчэ зняволеннем ці ўжо свабодай? Ці не ўцякаю я ад Айца, ці дазваляю Яму “прыцягнуць” мяне да сябе?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Праглядаў: 747