5 красавіка, чацвер
ЕВАНГЕЛЛЕ
Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Вучні Езуса расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як яны пазналі Езуса ў ламанні хлеба.
Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў: Спакой вам.
Здзіўленыя і напалоханыя яны думалі, што бачаць духа. Але Ён сказаў ім: Чаму засмуціліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах? Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я. Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: бо дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю. Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі.
А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: Ці маеце тут што з’есці? Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы. Ён узяў і еў перад імі.
І сказаў ім: Гэта словы Мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі, што павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў законе Майсея і ў прарокаў, і ў псальмах. Тады асвяціў іх розум, каб яны разумелі Пісанне.
І сказаў ім: Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема. А вы – сведкі гэтага.
Гэта слова Пана.
Апосталы пасля ўваскрасення Езуса былі сведкамі шматлікіх незвычайных рэчаў. Уласным вопытам яны спазналі, як Святое Пісанне Старога Запавету спаўняецца на іх вачах. Яны назіралі, як ганебная мука і смерць Езуса напаўняецца для іх найважнейшым значэннем – адкупленнем грахоў, як іх сэрцы, прыціснутыя смуткам, пачынаюць нанова пылаць надзеяй і жыццём. Аднак сведчанне Апосталаў не было б поўным, калі б яны не прынялі ад уваскрослага Езуса вельмі важны дар – дар супакою.
Спакой, які прыносіць Хрыстос, гэта вельмі багаты дар, прычым у многіх вымярэннях. Прыгледземся толькі да аднаго сярод многіх аспектаў гэтага багацця, якім з’яўляецца супакой сэрца. Гэты супакой сэрца мы разумеем як згоду на сваё жыццё, такое, якое яно ёсць, і згоду на сябе такога, які ты ёсць. Гэта не проста інтэлектуальная згода, а згода як паяднанне, якое здзяйсняецца знутры, у сэрцы. Так, як распазнанне ўваскрослага Езуса адбывалася ў Апосталаў “знутры”, так і прыняцце дару супакою адбываецца “знутры”, ад сэрца.
Згода на сваё жыццё, на сябе, на сваю прыгожую і адначасова знявечаную чалавечнасць, згода на дасягненні і паражэнні, на тое, што ўдасца і на тое, што не ўдасца, на памылку і дурноту... Такая згода – гэта гатоўнасць на прыняцце дару новага жыцця з Хрыстом ва ўнутраным супакоі. Гэта гатоўнасць на ўдзел у Ягонай, а не ва ўласнай славе.
У перажыванні сапраўднай згоды важным фактарам з’яўляецца час. Трэба даць сабе час на ўнутраную барацьбу і змаганне, каб мог ува мне канчаткова запанаваць супакой, які з’яўляецца згодай на жыццё.
У якіх акалічнасцях я перажываю ўнутраны супакой? Ці магу я вытрываць час унутранай барацьбы? Ці спрыяю супакою між людзьмі, сярод якіх я жыву?
Брат Міхал Дэя OFMCap, Польшча.
- Праглядаў: 770