31 сакавіка. Пасхальная вігілія
ЕВАНГЕЛЛЕ Ў ГОД В
Езус Назаранін, укрыжаваны, уваскрос
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
Калі мінула субота, Марыя Магдалена і Марыя Якубава, і Саламея купілі пахучыя алеі, каб пайсці і намасціць Езуса. І вельмі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, калі ўзышло сонца, і кажуць між сабою: Хто адсуне нам камень ад уваходу ў магілу?
І паглядзеўшы, бачаць, што камень адсунуты, а ён быў вельмі вялікі. І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, апрануты ў белае адзенне, і вельмі спалохаліся.
А ён кажа ім: Не бойцеся. Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрос, Яго тут няма. Вось месца, дзе паклалі Яго. Але ідзіце, скажыце вучням Ягоным і Пятру: Апярэдзіць вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце, як Ён сказаў вам.
Гэта слова Пана.
Не ведаем, у які дакладна час грабніца Пана Езуса апусцела. Вядома, што было гэта ноччу з суботы на нядзелю або на самым пачатку раніцы. Пустой грабніцу ўпершыню ўбачылі жанчыны: Марыя Магдалена, Марыя, маці Якубава, і Саламея. Бясспрэчна, сваю Маці Пан Езус наведаў найперш.
Жанчыны хацелі скончыць пахавальны абрад, аднак знайшлі толькі пустую грабніцу. Дарэмна хваляваліся яны пра тое, хто ім адсуне камень ад грабніцы. Пан Езус уваскрос! У магільнай пячоры яны заўважылі “юнака… апранутага ў белае адзенне”. Ён і стаў для іх першым вестуном Уваскрасення. Суцешыў і падказаў, каб паведамілі Апосталам, што Хрыстос будзе чакаць іх у Галілеі! Жанчыны з радасцю вярталіся з Галгофы...
Тут варта звярнуць увагу на штосьці захапляльнае. Людзі звычайна не любяць пустэчы. Пустая кватэра, пусты касцёл, пустая школа, пустая крама – пустэча нас трывожыць. Але гэтая пустэча Хрыстовай грабніцы стала найбольшай радасцю. Так гэта ўспрынялі пабожныя жанчыны. Так на гэта адрэагавалі Апосталы. Гэтая пустэча сведчыць пра уваскрасенне Хрыста, але ў Ягонай перамозе над смерцю ўкрываецца прадвесце нашага ўдзелу ў вечным шчасці. Таму нічога дзіўнага, што незалежна ад надвор’я, ад часу вайны ці міру, ад матэрыяльнай беднасці ці багацця – калі надыходзіць Пасха, мы спяваем: “Вясёлы дзень для нас настаў…” Сапраўды вясёлы!
Біскуп Антоні Пацыфік Дыдыч OFMCap, Польшча.
- Праглядаў: 813