Skip to main content

29 сакавіка. Вялікі чацвер

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 13, 1–15

Дарэшты палюбіў іх

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Яна.

Перад святам Пасхі Езус, ведаючы, што прыйшла гадзіна Ягоная перайсці ад гэтага свету да Айца, палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты іх палюбіў. 

І падчас вячэры, калі д’ябал ужо схіліў сэрца Юды Сымона Іскарыёта, каб выдаць Яго, Езус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя, і што Ён выйшаў ад Бога і да Бога ідзе, устаў з-за стала, скінуў верхнюю вопратку і, узяўшы палатно, падперазаўся. Потым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням, і выціраць палатном, якім быў падпяразаны. 

Падышоў да Сымона Пятра. Той сказаў Яму: Пане! Ты хочаш абмыць мне ногі? Езус адказаў яму: Тое, што Я раблю, Ты цяпер не разумееш, але зразумееш пасля. Сказаў Яму Пётр: Не, не абмыеш ніколі маіх ног. Езус адказаў яму: Калі не абмыю цябе, не будзеш мець удзелу са Мною. Сымон Пётр кажа Яму: Пане! Не толькі ногі, але і рукі, і галаву.

Сказаў яму Езус: Абмытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ўвесь чысты. І вы чыстыя, але не ўсе. Бо ведаў, хто выдасць Яго. Таму і сказаў: Не ўсе вы чыстыя.

А калі абмыў ім ногі, апрануў вопратку сваю і зноў сеў за стол, і сказаў ім: Ці разумееце, што Я зрабіў вам? Вы Мяне называеце Настаўнікам і Панам, і добра кажаце, бо Я ім ёсць. Калі ж Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, то і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму. Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі, як Я зрабіў вам.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Час Езусавай мукі штораз бліжэй. Вялікі чацвер — гэта апошні дзень, калі Пан Езус спажываў Пасху разам з вучнямі. Ён быў вельмі перажываў з-за прынятага Юдам рашэння здрадзіць. Гэта, аднак, не перашкодзіць Яму, каб перад самай вячэрай схіліцца ля ног вучняў і абмыць ім ногі. Толькі Пётр выразіў супраціў, падкрэсліваючы, што гэта ён павінен мыць ногі Пану Езусу. Аднак Сын Божы супакоіў яго, кажучы, што тое, што Ён робіць, мае нашмат глыбейшае значэнне. Гэта таксама павінна стаць знакам адзінства з Ім. Сын Божы вельмі пакутаваў з-за таго, што не ўсе чыстыя, але і ўсведамляў сабе таксама, што гэта важны знак для Касцёла, які ўжо хутка пачне сваю дзейнасць, каб не паддаваліся паніцы, калі б хтосьці часамі забыўся пра Яго адданасць, пра здзейсненае Адкупленне. У такія хвіліны нельга траціць веру і надзею. І таму, развітваючыся з вучнямі, паказваючы факт абмыцця ног, Езус гэтым самым падкрэсліў значэнне любові. Іх любоў да Яго, любоў між сабой і да кожнага чалавека павінна быць такім найважнейшым знакам прыналежнасці да Касцёла. Таму Хрыстос устанаўлівае сакрамэнты святараства і Эўхарыстыі. Святарства, якое павінна выходзіць насустрач маральным патрэбам людзей, а Эўхарыстыя павінна быць гарантыяй Езусавай любові і знакам любові для ўсіх тых, хто за Ім пойдзе ў любую эпоху!

Дзякуем Сыну Божаму за дар святарства. Молімся, каб Бог даваў святых святароў. Прымайма іх служэнне, бо нельга забываць, якой вялікай бядой быў для нашых продкаў час, калі на нашай зямлі не хапала святароў. Не забывайма, што Эўхарыстыя для нас з’яўляецца рэчаіснасцю і знакам бясконцай Любові!

Біскуп Антоні Пацыфік Дыдыч OFMCap, Польшча.

  • Праглядаў: 838