23 сакавіка, пятніца
ЕВАНГЕЛЛЕ
Намагаліся схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рукі іхняй
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Юдэі зноў узялі камяні, каб укаменаваць Езуса. Але Езус сказаў ім: Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца. За які з гэтых учынкаў хочаце каменаваць Мяне?
Юдэі адказалі Яму: Не за добры ўчынак хочам укаменаваць Цябе, а за блюзнерства і за тое, што Ты, будучы чалавекам, робіш сябе Богам.
Езус адказаў ім: Ці не напісана ў Законе вашым «Я сказаў: вы багі»? Тыя, да каго было скіравана слова Божае, названы багамі, а Пісання нельга парушыць. То чаму ж вы гаворыце таму, каго Айцец асвяціў і паслаў у свет: Блюзнерыш, – за тое што Я сказаў: Я Сын Божы? Калі Я не раблю справы Айца Майго, не верце Мне. Аднак калі раблю, і не верыце Мне, паверце справам Маім, каб пазналі і ведалі, што Айцец ўва Мне, а Я ў Ім.
Тады яны зноў намагаліся схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рукі іхняй і пайшоў зноў за Ярдан, на месца, дзе спачатку хрысціў Ян. І заставаўся там. Многія прыйшлі да Яго і казалі: Ян не ўчыніў ніводнага цуду, але ўсё, што Ян казаў пра Яго, было праўдай. І шмат хто паверыў там у Яго.
Гэта слова Пана.
На працягу доўгай гісторыі Ізраэля Бог паступова адкрываў перад гэтым народам Сваё аблічча. Яны выразна бычылі блізкасць Бога і Яго спадарожніцтва на розных этапах іх развіцця. Аднак сур’ёзнай праблемай у будаванні зносін Ізраэля з Богам была спакуса ідаласлужэння, якое квітнела сярод іншых народаў. Многія з гэтых народаў (у тым ліку і рымляне) сваім манархам прыпісвалі тытул багоў і як багам пакланяліся. Часам, на жаль, Ізраэль таксама заражаўся некаторымі элементамі язычніцтва. Таму Майсей і прарокі няспынна змагаліся з гэтай бядой. Такім чынам у юдэйскіх традыцыях і заканадаўстве выпрацаваўся пэўны імунітэт на ўсё, што нагадвае язычніцтва. На гэтым фоне сфармавалася прынамсі цвёрдая ўпэўненасць – ніводны цэзар, ніводны чалавек не з’яўлецца богам.
Юдэі бачылі месіянскія знакі і цуды, якія чыніў Езус, і пачалі ўжо ставіцца да Яго як да патэцыяльнага кандыдата на Месію, якога, зрэшты, даўно чакалі. Аднак калі Ён загаварыў, што Бог гэта і ёсць Ён ва ўласнай асобе, гэта выклікала ў іх рашучы, нават агрэсіўны супраціў. Вярнуўся старадаўні страх, што ім чарговы раз навязваецца язычніцкая мадэль манархіі. Яны і Бога, і Месію ўяўлялі сабе зусім інакш. Юдэйскія старэйшыны не маглі змясціць у сабе праўду, што Бог увесь змяшчаецца ў Езусе з Назарэту. Сумна, што юдэі столькі часу чакалі Месію, нават адганялі ад сябе фальшывых багоў, аднак, калі «Айцец асвяціў і паслаў у свет» сапраўднага Збаўцу, многія з-за сваіх старадаўніх страхаў не распазналі Яго.
Усім людзям вельмі патрэбны Збаўца, многія нават ведаюць аб гэтым. Аднак столькі разоў ашуканыя фальшывымі «збаўцамі», яны не могуць прыняць Езуса Хрыста. Незалежна ад таго, колькі фальшывых багоў нас ужо паспела расчараваць, Езус і ёсць сапраўдны Бог, таму і Збаўца Ён сапраўдны. Ня варта Бога параўноўваць з раней спатканымі ідаламі і на гэтым досведзе будаваць свае ўяўленні пра Яго. Сапраўдны Бог — гэта Езус, і іншай магчымасці пазнання няма, як толькі сустрэцца з Ім.
У чым або ў кім я шукаю збаўленя ад сваіх праблемаў або пакутаў? Якім я ўяўляю сабе Бога? Наколькі гэты вобраз ідэнтычны з вобразам Езуса ў Яго словах і ўчынках?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Праглядаў: 781