22 сакавіка, чацвер
ЕВАНГЕЛЛЕ
Абрагам, айцец ваш, рады быў убачыць дзень Мой
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў юдэям: Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі хто захоўвае Маё слова, той ніколі не ўбачыць смерці.
Тады юдэі сказалі Яму: Цяпер мы даведаліся, што ў Табе злы дух. Абрагам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: Калі хто захоўвае Маё слова, той ніколі не пакаштуе смерці. Няўжо Ты большы за айца нашага Абрагама, які памёр? Прарокі таксама памерлі. Кім Ты сябе лічыш?
Езус адказаў: Калі Я сам сябе буду праслаўляць, то Мая слава — нішто. Але тым, хто праслаўляе Мяне, ёсць Айцец Мой, пра якога вы кажаце: Ён — наш Бог. Вы Яго не ведаеце, а Я ведаю Яго. І калі б Я сказаў, што не ведаю Яго, Я стаў бы падманшчыкам, падобным да вас. Але Я ведаю Яго і захоўваю Ягонае слова. Абрагам, айцец ваш, рады быў убачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся.
На гэта юдэі сказалі Яму: Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Абрагама?
Езус сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: раней, чым з’явіўся Абрагам, Я ёсць. І схапілі камяні, каб кінуць у Яго, але Езус укрыўся і выйшаў са святыні.
Гэта слова Пана.
Чым бліжэй мы падыходзім да ўспаміну таямніцы мукі, смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста, тым часцей у літургіі слова гучыць тэма таксама і нашай смерці. Сёння Хрыстос кажа: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі хто захоўвае Маё слова, той ніколі не ўбачыць смерці». Многія іншыя пераклады Евангелля перадаюць гэтыя словы ў крыху іншым адценні: «… той не спазнае смерць навекі». Аднак гэтае абяцанне Езуса, як ведаем з уласнага вопыту, не праводзіць нас міма брамы смерці, і кожнаму чалавеку раней ці пазней давядзецца прайсці праз яе. Аднак Хрыстос абяцае, што паслухмянасць Ягонаму слову вызваляе ад вечнай смерці.
Святы Францішак Асізскі напрыканцы зямнога жыцця, калі ужо ляжаў цяжка хворы, завяршыў пісанне сваёй славутай «Песні брата Сонца». Апошнія строфы гэтай песні гучалі прыкладна так: «Хвала Табе, Пане, за сястру нашу Смерць цялесную, яе ж ніхто жывы не пазбегне. Бяда таму, хто памірае ў грахах смяротных. Шчаслівыя, каго нісцігне яна ў выканні Тваёй святой волі, бо смерць другая ўжо не прычыніць ім зла. Хваліце і благаслаўляйце майго Пана з усёй удзячнасцю і пакорай вялікаю».
Захоўваць слова Езуса, або, кажучы словамі св. Францішка, знаходзіцца ў «выкананні Тваёй сятой волі» — гэта і азначае быць гатовым на сустрэчу з «сястрой Смерцю». Такая перспектыва паказаве нам смерць ужо не як фатальную непазбежнасць, а як браму ў больш поўнае жыццё.
Ці клапачуся я пра свой рэгулярны стан асвячальнай ласкі, ці не жыву ў смяротным граху? Калі б зараз прыйшла смерць, то за выкананнем якога праекту яна спасцігла б мяне: майго асабістага ці Хрыстовага?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Праглядаў: 800