Skip to main content

20 сакавіка, аўторак

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 8, 21–30

Калі ўзнімеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў фарысеям: Я адыходжу, а вы будзеце шукаць Мяне і памрэце ў граху вашым. Куды Я іду, туды вы не можаце пайсці.

Тады юдэі сказалі: Няўжо Ён заб’е самога сябе, што кажа «куды Я іду, туды вы не можаце пайсці»?

І сказаў ім: Вы з тых, хто ўнізе, а Я з тых, хто ў вышыні. Вы з гэтага свету, Я не з гэтага свету. Таму Я і сказаў вам, што памрэце ў грахах вашых. Бо, калі не паверыце, што Я ЁСЦЬ, памрэце ў грахах вашых.
Тады сказалі Яму: Хто Ты?

Езус адказаў ім: Той, пра каго Я казаў вам ад пачатку. Шмат чаго маю казаць пра вас і судзіць. Але той, хто паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чуў ад Яго, тое і кажу свету. А яны не разумелі, што Ён казаў ім пра Айца.

Тады сказаў ім Езус: Калі ўзнімеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я і што нічога не раблю ад сябе, але як навучыў Мяне Айцец, так і кажу. І той, хто паслаў Мяне, ёсць са Мною. Ён не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што Яму падабаецца.

Калі Ён казаў гэта, шмат хто паверыў у Яго.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Часам з людзьмі здараюцца такія трагічныя гісторыі, калі хтосьці вяртаецца з вайны або з турмы, а вяртацца ўжо фактычна няма куды. Уласнага дому ўжо няма, сям’і таксама. Тады некаторыя хочуць застацца там, адкуль выйшлі. Хтосьці шукае чарговую вайну, а хтосьці здзяйсняе чарговае злачынства толькі дзеля таго, каб вярнуцца ў прывычную для іх турму. Падобным чынам бывае з тымі, хто не верыць у жыццё пасля смерці або ў тое, што ён Божае дзіця і яму ёсць куды вярнуцца. Тады чалавек пачынае любой цаной змагацца з непазбежнасцю смерці, рознымі спосабамі ўладковацца назаўсёды тут, у гэтым жыцці. Тады сваё жыццё гэтыя людзі наладжваюць па «тутэйшых» стандартах выжывання: назапашванне багаццяў, барацьба за месца пад сонцам, выкарыстанне іншых дзеля сваіх амбіцый…

Сказаныя фарысеям словы Езуса павінны іх ацверазіць, каб зразумелі, што гуляюць у небяспечную для іх гульню, зусім не беручы пад увагу факт, што ў небе ёсць Айцец. Яны былі занадта занятыя юрыдычнымі казусамі, рэлігійнымі абрадамі і паказнымі малітвамі. Гэта і быў іх адзіны свет, які не камфортна пакідаць. «Куды Я іду, туды вы не можаце пайсці […] Вы з тых, хто ўнізе, а Я з тых, хто ў вышыні. Вы з гэтага свету, Я не з гэтага свету. Таму Я і сказаў вам, што памрэце ў грахах вашых».

 Езус прынёс ў гэты свет Добрую Навіну — нам ёсць куды вяртацца, і ня варта задавольвацца толькі тым, што ў нас ужо ёсць. Адзіны спосаб уратаваць жыццё — паверыць Езусу і стаць падобным да Яго. «Бо, калі не паверыце, што Я ЁСЦЬ, памрэце ў грахах вашых». «Калі Ён казаў гэта, шмат хто паверыў у Яго».

Калі б я ўявіў, што сёння мяне кліча ў неба Айцец, то што мяне яшчэ трымае тут?

Якія каштоўнасці ці грахі мяне абцяжарваюць?

Якія ўчынкі майго жыцця сведчаць, што я брат Езуса і дзіця Айца?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 626