Skip to main content

18 сакавіка, 5-я нядзеля вялікага посту

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 12, 20–33

Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, памрэ, то прынясе багаты плён

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Былі некаторыя грэкі сярод тых, хто прыйшоў пакланіцца Богу на свята. Яны падышлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: Пане, мы хочам бачыць Езуса. Філіп пайшоў і сказаў пра гэта Андрэю. І пайшлі Андрэй з Філіпам, і расказалі Езусу. 

А Езус сказаў ім у адказ: Настала гадзіна ўславіцца Сыну Чалавечаму. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён. Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго; а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця. Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой. Цяпер усхвалявана душа мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў. Ойча, услаў імя сваё! І пачуўся з неба голас: Уславіў і ўслаўлю зноў. 

Народ, які стаяў і чуў гэта, казаў: Гэта гром. Іншыя ж казалі: Анёл гаварыў з Ім. А Езус адказаў, кажучы: Не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас. Цяпер адбываецца суд над гэтым светам; цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон. І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе.
Казаў жа Ён гэта, прадказваючы, якою смерцю меўся памерці.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

Сярод тых, хто прыходзіў на Пасху ў Ерузалем, былі грэкі – людзі язычніцкага паходжання. Іх прыцягнуў Бог, Які стагоддзямі аб’яўляўся ў Ізраэлі. Людзі гэтыя прыйшлі ў найбольш адпаведны гістарычны момант, пра які Езус гаворыць: «Настала гадзіна ўславіцца Сыну Чалавечаму». Яны хочуць убачыць Езуса, і менавіта ў гэтую Пасху ў іх будзе магчымасць глядзець на Езуса з розных ракурсаў: пакуты Вялікага тыдня, смерць на Галгофе, маўчанне Вялікай суботы і, нарэшце, трыумф уваскрасення. Такое гледжанне дае найбольш поўную карціну. Грэкі гэтыя нават у больш выгадным становішчы, чым тыя, што проста бачылі занакі і цуды Езуса або чулі Ягонае вучэнне.

Д’ябал на працягу доўгай гісторыі прыходзіў да язычнікаў у постаці разнастайных ідалаў і тэрарызаваў іх страшэннай хлуснёй: зямныя пакуты вядуць чалавека ў смерць і пустэчу, з якой няма выйсця. І вось менавіта цяпер Езус найперш словам, а затым і фактамі выяўляе старадаўнні падман і вызваляе людзей з яго змроку — «Цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон». Аказваецца, што пакуты і смерць — як паміранне зерня, кінутага ў зямлю, з якога нараджаецца жыццё новае, нават паўнейшае, чым дагэтуль. Гэта сапраўдная перамога над фатальнасцю памірання!

Усе вялікія цуды і прыгожыя знакі, учыненыя Езусам дагэтуль, былі ўсяго толькі прадвеснікамі гэтай канчатковай барацьбы, у якой Езус перамагае ў гэтую гадзіну. Таму грэкі прыходзяць да Езуса ў набольш спрыяльную гадзіну – калі пакуты і прыніжэнне Пан пакажа як перамогу і ўзвышэнне.

Якія ідалы або грахі яшчэ мучаюць мяне, крадуць надзею і радасць жыцця?

Як я рэагую на ўласныя пакуты ці пакуты блізкіх мне людзей?

Ці ўцякаю я ад сваіх ідалаў да Хрыста на споведзь, на святую Імшу ці на слуханне Евангелля? Ці дазваляю «узнятаму над зямлёй» Хрысту прыцягнуць мяне да Ягонага крыжа?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 812