15 сакавіка, чацвер
ЕВАНГЕЛЛЕ
Майсей — вось абвінаваўца ваш, на якога вы спадзеяцеся
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў юдэям: Калі б Я сведчыў пра самога сябе, то сведчанне Маё не было б праўдзівае. Але ёсць іншы, хто сведчыць пра Мяне. І Я ведаю, што праўдзівае сведчанне, якім ён сведчыць пра Мяне.
Вы пасылалі да Яна, і ён засведчыў аб праўдзе. Я ж не ад чалавека прымаю сведчанне, але кажу гэта, каб вы былі збаўленыя. Ён быў светачам, які гарэў і свяціў, а вы хацелі нейкі час парадавацца пры святле ягоным.
Я ж маю сведчанне большае за Янава. Бо справы, якія Айцец даў Мне здзейсніць, тыя справы, якія раблю, сведчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне. І Айцец, які паслаў Мяне, сам засведчыў пра Мяне. Вы ніколі не чулі голасу Ягонага, і не бачылі аблічча Яго; і не маеце слова Ягонага, якое б жыло ў вас, бо не верыце ў таго, каго Ён паслаў.
Вы даследуеце Пісанне, бо думаеце, што ў ім вы маеце жыццё вечнае; а яны і ёсць тым, што сведчыць пра Мяне. Але вы не хочаце прыйсці да Мяне, каб мець жыццё.
Я не прымаю славы ад людзей, але ведаю, што вы не маеце ў сабе любові Божай. Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прымаеце Мяне. Калі б іншы прыйшоў ва ўласнае імя, вы прынялі б яго. Як вы можаце верыць, калі прымаеце славу адзін ад аднаго, а славы, якая паходзіць ад адзінага Бога, не шукаеце?
Не думайце, што Я буду абвінавачваць вас перад Айцом. Майсей – вось абвінаваўца ваш, на якога вы спадзеяцеся. Бо калі б вы верылі Майсею, паверылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне. А калі не верыце пісанням ягоным, як паверыце Маім словам?
Гэта слова Пана.
Столькі ў нас прагненняў, столькі глыбокіх імкненняў! Нават з цяжкасцю верыцца, што любое з іх і ўсе разам можа споўніць Бог. Ён можа і хоча насыціць любы наш голад. Толькі не заўсёды Бог хоча рабіць гэта такім чынам, як мы сабе гэта ўяўляем. Таму часта мы ўпарта трымаемся за ўласны рэцэпт шчасця. Аднак па сапраўднаму шчаслівы той, хто даверыцца Богу і Ягонай мудрасці, гэта значыць — паверыць, што Божы план заўсёды ідэальны.
У юдэяў, сучаснікаў Езуса, таксама былі свае мары: яны хацелі быць шчаслівымі, паспяховымі, хацелі пазнаць Бога, дачакацца нарэшце Месію. Напэўна, у іх было яшчэ шмат іншых прыгожых і добрых прагненняў. Калі ж Бог і доўгачаканы Месія прыйшоў да іх ва ўласнай асобе, то аказалася, што яны гэта інакш сабе ўяўлялі. Ён так і не змясціўся ў іхніх квадратных схемах.
Варта і нам ўсведамляць сабе магчымыя стэрэатыпы, якія затарможваюць, а можа і блакіруюць наша развіццё. Без такога ўсведамлення людзі навокал ніколі нас не здзівяць чымсьці неверагодным, чымсьці новым. Без такой свабоды не здзівіць нас нават Бог, хоць Ён вельмі чакае ад нас такой магчымасці.
Калі я прыходжу да Бога з нейкай сваёй праблемай, то ці гатовы прыняць Ягоны варыянт яе рашэння?
Сутыкнуўшыся з кімсьці або чымсьці для мяне дагэтуль невядомым, ці дапускаю я верагоднасць, што гэта можа мяне ўзбагаціць?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Праглядаў: 1007