14 сакавіка, серада
ЕВАНГЕЛЛЕ
Як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе іх, так і Сын ажыўляе тых, каго хоча
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус адказаў юдэям: Айцец Мой дзейнічае дагэтуль, і Я дзейнічаю. За гэта юдэі яшчэ больш намагаліся забіць Яго, бо Ён не толькі парушаў шабат, але таксама называў Бога ўласным Айцом, робячы сябе роўным Богу.
Тады Езус сказаў ім у адказ: Сапраўды, сапраўды кажу вам: Сын нічога не можа рабіць сам ад сябе, калі не ўбачыць Айца, які робіць. Бо што робіць Ён, тое і Сын робіць падобным чынам. Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што сам робіць, і пакажа Яму справы большыя, чым гэта, каб вы дзівіліся.
Бо, як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе іх, так і Сын ажыўляе тых, каго хоча. Бо Айцец нікога не судзіць, але ўвесь суд аддаў Сыну, каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, той не шануе Айца, які паслаў Яго.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто слухае Маё слова і верыць у таго, хто паслаў Мяне, мае жыццё вечнае і не прыходзіць на суд, але перайшоў ад смерці да жыцця.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: надыходзіць гадзіна, і ўжо настала, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага, і тыя, хто пачуе, будуць жыць.
Бо, як Айцец мае ў сабе жыццё, так і Сыну даў мець жыццё ў сабе. І даў Яму ўладу вяршыць суд, бо Ён Сын Чалавечы.
Не здзіўляйцеся гэтаму, таму што надыходзіць гадзіна, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Ягоны. І тыя, хто чыніў дабро, уваскрэснуць для жыцця, а тыя, хто рабіў зло, уваскрэснуць для асуджэння.
Я нічога не магу рабіць ад сябе. Як чую, так суджу, і суд Мой справядлівы, бо Я не шукаю сваёй волі, але волі таго, хто паслаў Мяне.
Гэта слова Пана.
У старажытнасці гандлёвыя ці дзяржаўныя зносіны досыць моцна адрозніваліся ад сучасных. Сын купца ці караля меў усю ўладу свайго бацькі. Гэта нашмат большыя паўнамоцтвы, чым сёння, напрыклад, у намесніка дырэктара якога-небудзь прадпрыемства ці міністра замежных спраў пэўнай краіны. Калі хтосьці звяртаўся да сына купца або прынца нейкай дзяржавы, то мог з ім вырашаць любыя пытанні, як з самім купцом або каралём. Менавіта такое разуменне было ў юдэяў, якія чулі словы Езуса: «Айцец Мой дзейнічае дагэтуль, і Я дзейнічаю». Таму юдэі правільна зразумелі словы Езуса, што Ён — Бог. Аднак не паверылі Яму, і таму самі сябе залічылі ў бязбожнікі. «Хто не шануе Сына, той не шануе Айца, які паслаў Яго».
На гэты дыялог юдэяў з Езусам трэба яшчэ паглядзець у кантэксце ўсёй Ягонай місіі. Езус з Назарэту — гэта адзіная і выключная магчымасць для людзей сустрэцца з сапраўдным Богам. Езус Хрыстус і ёсць Бог, даступны у сваім целе, каб быць для нас адзінай дарогай да Бога (Ян 10, 7-10. 14, 6-7). Іншых шляхоў да Бога проста не існуе. Гэта значыць, што і іншых магчымасцяў атрымаць жыццё таксама не існуе. «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто слухае Маё слова і верыць у таго, хто паслаў Мяне, мае жыццё вечнае і не прыходзіць на суд, але перайшоў ад смерці да жыцця».
Многія сучасныя людзі, на жаль, паддаюцца ілюзіі кшталту: «Мне для кантакту з Богам пасрэднікі не патрэбны», «Бог – так, Касцёл – не», «Я ў душы або на прыродзе Бога сустракаю самастойна». Падобна, як юдэі глядзелі на Езуса, а бачылі толькі чалавека, так і сучасныя «натуралісты» глядзяць на Касцёл, містычнае Цела Хрыста, а бачаць рэлігійную арганізацыю. У выніку адныя і другія фактычна становяцца бязбожнікамі і не маюць у сабе жыцця. Шкада, бо гэта хоць і адзіная, але надзейная Дарога.
Ці задумваюся я пра сваё жыццё пасля смерці?
Ці прымаю я ўдзел ў жыцці Касцёла (сакрамэнты, супольнае слуханне слова Божага, дабрачынная дзейнасць і інш.)?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Праглядаў: 794