13 сакавіка, аўторак
ЕВАНГЕЛЛЕ
І адразу выздаравеў той чалавек
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
Было юдэйскае свята, і Езус прыйшоў у Ерузалем.
А ў Ерузалеме, каля Авечай Брамы ёсць купальня, якая па-габрэйску называецца Бэтэзда і якая мае пяць бабінцаў. У іх ляжала мноства хворых, сляпых, кульгавых, паралізаваных.
Быў там адзін чалавек, які хварэў трыццаць восем гадоў. Калі Езус убачыў, што ён ляжыць, і даведаўся, што ён хварэе ўжо доўгі час, кажа яму: Ці хочаш быць аздароўленым?
Хворы адказаў Яму: Пане, я не маю чалавека, які апусціў бы мяне ў купальню, калі ўзварушыцца вада. Пакуль я іду, іншы ўжо сыходзіць перада мною.
Езус кажа яму: Устань, вазьмі ложа сваё і хадзі. І адразу выздаравеў той чалавек, узяў ложа сваё і пачаў хадзіць.
А ў гэты дзень быў шабат. Таму юдэі сказалі аздароўленаму:
Сёння шабат, нельга табе насіць тваё ложа.
Ён адказаў ім: Той, хто аздаравіў мяне, сказаў мне: вазьмі ложа сваё і хадзі. У яго спыталіся: Хто той чалавек, які сказаў табе: вазьмі і хадзі? Але аздароўлены не ведаў, хто гэта быў, бо Езус знік у натоўпе, які быў у гэтым месцы.
Потым Езус знайшоў яго ў святыні і сказаў яму: Вось ты выздаравеў. Не грашы больш, каб не здарылася з табою чаго горшага. Чалавек гэты пайшоў, расказаў юдэям, што гэта Езус аздаравіў яго. Таму юдэі пераследавалі Езуса, бо Ён зрабіў гэта ў шабат.
Гэта слова Пана.
Калі ізраэльскія разведчыкі на чале з Калебам вярнуліся пасля разведкі ў зямлі абяцанай (Дрг 1, 22-36.), шматлікія ізраэліты не пранікліся іх апавяданнем пра прыгажосць той краіны. Наадварот, яны спалохаліся цяжкасцяў, якія іх чакалі ў новай зямлі. Таму на трыццаць восьмым годзе вандроўкі яны памерлі (Дрг 2, 14-15), так і не ўвайшоўшы ў зямлю абяцаную.
Нешта падобнае адбылося і з гэтым хворым, якога пасля трыццаці васьмі год аздаравіў Езус. Аднак падабенства тут не толькі ў лічбах. Гэты чалавек, нягледзячы на тое, што праз цуд аздараўлення мог збудаваць трывалую еднасць з Богам, застаўся ўсё ж дастаткова абыякавым да Езуса. Цуд аздараўлення ён не ўспрыняў як знак Божай прысутнасці ў Езусе. Сведчыць пра гэта той факт, што ён не бароніць Езуса ад выразных нападкаў з боку юдэяў, калі тыя асуджаюць Хрыста. Зусім інакш было з большасцю іншых аздароўленых Хрыстом: напрыклад, з прыдворным, якому Езус аздаравіў сына (Ян 4, 53), або са сляпым ад нараджэння (Ян 9, 35-38). Для іх цуды Езуса сталі толькі пачаткам сапраўдных дабротаў. Можам вобразна сказаць, што яны атрымалі ад Езуса сваю «зямлю абяцаную», якая бясконца пераўзыходзіць фізічнае аздараўленне. Гэты ж хворы, хоць і быў фізічна аздароўлены, аднак, на трыццаць восьмым годзе сваіх пакутаў, не здолеў распазнаць часу адведзінаў сваіх (пар. Лк 19, 44).
Бог часта наведвае нас і дае нам шмат шанцаў на тое, каб мы усім сэрцам прыхінуліся да Яго. Часта з намі здараюцца падзеі, якія выглядаюць, як цуды, і іх можна інтэпрэтаваць па-рознаму: як прадукт нашай кемлівасці ці ўмення неяк у жыцці «круціцца», ці проста як удалую выпадковасць. Але калі мы здолеем заўважаць знакі міласэрнага Божага Провіду, што моцна з’яднае нас з Богам, тады мы не затрымаемся на сваім «трыццаць восьмым годзе», а атрымаем ад Бога ўсё, што Ён прагне нам даць.
Як мяне сфармавалі розныя жыццёвыя цяжкасці? Навучылі самаўпэўненасці? Можа, учынілі мяне суровым да сябе ці да іншых? Ці паказалі, што Бог клапоціцца і дае больш, чым я спадзяваўся?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Праглядаў: 969