Skip to main content

12 сакавіка, панядзелак

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 4, 43–54

Ідзі, сын твой жывы 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус выйшаў з Самарыі і накіраваўся ў Галілею. Бо сам Езус сведчыў, што прарок не мае пашаны ва ўласнай бацькаўшчыне. Калі ж прыйшлі ў Галілею, то галілейцы прынялі Яго, убачыўшы ўсё, што Ён зрабіў у Ерузалеме на свята, бо і яны хадзілі на свята.  

Так Езус зноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе перамяніў ваду ў віно. У Кафарнауме быў адзін прыдворны, у якога хварэў сын. Пачуўшы, што Езус прыйшоў з Юдэі ў Галілею, ён прыйшоў да Яго і прасіў прыйсці і вылечыць ягонага сына, які паміраў. 

Езус жа сказаў яму: Калі не ўбачыце знакаў і цудаў, не паверыце. 

Прыдворны кажа Яму: Пане, прыйдзі, пакуль не памерла дзіця маё. 

Езус адказаў яму: Ідзі, сын твой жывы. Чалавек гэты паверыў слову, якое сказаў яму Езус, і пайшоў.  Па дарозе сустрэлі яго слугі ягоныя і сказалі, што сын ягоны жывы. Тады распытваў іх, аб якой гадзіне яму палепшала? Яму сказалі: Учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго. Тады бацька зразумеў, што гэта была тая самая гадзіна, калі Езус сказаў яму: Жывы сын твой. І паверыў ён сам і ўвесь дом ягоны. 

Гэта быў другі цуд, які ўчыніў Езус, вярнуўшыся з Юдэі ў Галілею.

Гэта слова Пана.

 Catholic.by

Евангеліст Ян апісвае другі цуд, здзейснены Езусам ў Галілеі пасля перамянення вады ў віно падчас вяселля ў Кане. Вынікам таго цуду, як і належыць, стала тое, што ў Хрыста паверылі Ягоныя вучні. Аднак слугі на вяселлі засяродзіліся толькі на колькасці віна, а большасць гасцей не заўважыла нават і гэтага. Таму другі цуд у Галілеі пачынаецца з далікатнага папроку Езуса: «Калі не ўбачыце знакаў і цудаў, не паверыце». Вядома, што недастаткова проста бачыць знакі, якія дае Бог. Каб не былі яны для нас пустой сенсацыяй ці магіяй, трэба каб знакі спрыялі нам у прыняцці Езуса як Збаўцы і Пана.

Прыклад гэтага прыдворнага, які прыйшоў да Езуса з просьбай аб цудзе, яскрава паказвае, што чалавек можа і павінен пераадолець дзівоснасць Божых знакаў, каб Бог мог надзяліць яго яшчэ большымі дабротамі. Гэтую кароткую гісторыю Евангеліст Ян завяршае радаснымі словамі: «І паверыў ён сам [прыдворны] і ўвесь дом ягоны».

Гэтая гісторыя вельмі павучальная, і з яе вынікаюць як мінінум дзве праўды. Па-першае, калі прыбягаем да Бога са сваёй трывогай, а дзесьці ў глыбіні сэрца сядзіць такое жаданне, маўляў, «Божа, вырашы гэтае пытанне — і можаш быць свабодны», то гэта азначае, што мы моцна недаацэньваем Божую шчодрасць. Бог не проста хоча нас здзівіць сваім цудам або выручыць у бядзе, Ён хоча, каб мы назаўсёды паверылі Яму і сталі з Ім па-сапраўднаму блізкімі. У іншым выпадку цуд не мае сэнсу. Па-другое, калі чуем пра нейкага народнага «аздаравіцеля», які таямнічымі шаптаннямі «лечыць» ад хваробаў, то варта прыглядзецца, што адбываецца з яго пацыентамі пасля такіх сеансаў. Яны набліжаюцца да Бога, да святых сакрамэнтаў, да малітвы? Калі не, то не Божы гэта «цуд», і гэта не лячэнне, а небяспечны падман.

Ці не паддаюся я спакусе сенсансацыі ў пошуках цудаў або надзвычайных прыватных аб’яўленняў?

Якія знакі сваёй любові Бог мне паказвае? Ці дапамаглі яны мне мацней прывязацца да Яго?

Ці ёсць ува мне ўдзячнасць Богу і прывязанасць да Яго, як вынік «вялікіх рэчаў, якія ўчыніў мне Усемагутны»? (пар. Лк 1,49)

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 1181