Skip to main content

10 сакавіка, субота

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 18, 9–14

Мытнік пайшоў у дом свой апраўданы, а не фарысей

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус расказаў такую прыпавесць некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі: Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца; адзін фарысей, а другі мытнік. Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік. Пашчуся два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю. 

А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка. 

Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў у дом свой апраўданы, а не той, бо кожны, хто ўзвышае самога сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, узвысіцца.

Гэта слова Пана.

 Catholic.by

«Міласэрнасці хачу, а не ахвяры, пазнання Бога, а не ўсеспалення». Бог прагне міласэрнасці і хоча, каб мы Яго пазнавалі. На малітве мы выказваем сваю любоў і пазнаём Бога, хто Ён і які Ён. Аднак малітва становіцца таксама прасторай пазнання самога сябе.

Пасля таго, як Хрыстус расказаў прыпавесць пра несправядлівага суддзю, які паддаўся просьбам удавы і абараніў яе, Ён задаў таксама пытанне: «Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?» Выразам веры з’яўляецца малітва. Таму, калі Сын Чалавечы прыйдзе на зямлю, ці знойдзе яшчэ каго-небудзь, хто ўмее маліцца?

У прыпавесці Хрыста мы сустракаемся з дзвюма асобамі: фарысеем, які павінен умець маліцца, якога вучылі малітве, і мытнікам. Фарысей пачынае з малітвы падзякі за тое, што праведны і не грашыць: злодзеі сквапныя, таму рабуюць іншых, злачынцы не захоўваюць закон, бо клапоцяцца толькі пра ўласныя інтарэсы, а чужаложнікі няверныя сваім жонкам, бо не пануюць над сваёй пажадлівасцю. Мытніка фарысей не ведае. Ён бачыць мытніка, але невядома, рабуе ён іншых ці бярэ столькі, колькі яму загадалі. Невядома, захоўвае ён закон ці не. Фарысей яго асуджае, прызнае сябе лепшым, бязгрэшным, праведным, а гэтым чалавекам пагарджае. Фарысей не лічыць, што яму патрэбна навяртанне, ён навернуты.

Мытнік таксама стаіць на нагах, ён не на каленях. Толькі стаіць ён далёка ад сярэдзіны святыні. Стоячы, не асмельваецца вочы падняць у бок неба, бо сорамна яму знаходзіцца ў месцы прысутнасці Святога Бога. Адзінае, што можа рабіць мытнік у прысутнасці Бога — гэта біць сябе ў грудзі (жэст пакаяння) і выказваць сваю грэшнасць: «Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка». Ён не разглядае іншых, а глядзіць на ўласныя грахі і ў святле Божай святасці каецца за іх. Ён таму і адыйшоў апраўданы Богам, што сам сябе не апраўдваў, а спадзяваўся, што Бог яго апраўдае. Мытнік не давяраў сваім учынкам і сваёй праведнасці. Ён скарыўся перад Богам, каб у пакоры пазнаць Яго святасць. У гэтым і заключаецца вера, якую будзе шукаць Хрыстус, калі прыйдзе.

Колькі ў табе самаўпэўненасці? Ці не спадзяешся ты на сваю праведнасць?

Што цябе пабуджае да малітвы? Што твая малітва выражае?

Ці судзіш ты людзей на малітве?

Якім чынам Божая прысутнасць дапамагае табе пазнаць самога сябе?

Брат Юліуш Пырэк OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 1052