9 сакавіка, пятніца
ЕВАНГЕЛЛЕ
Пан Бог наш — Пан адзіны; любі Яго
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Адзін кніжнік, падышоў да Езуса і спытаўся ў Яго: Якая запаведзь першая з усіх? Езус адказаў: Першая такая: слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны; любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй. Другая: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя.
І сказаў Яму кніжнік: Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага, апроч Яго. Любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе — гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні. Езус, убачыўшы, што той разумна адказвае, сказаў яму: Недалёка ты ад Валадарства Божага. І ніхто ўжо больш не адважваўся пытацца ў Яго.
Гэта слова Пана.
Кніжнік пачуў, як Езус абвясціў, што Бог ёсць Богам жывых, а не памерлых. У адказ на «загадку», чыёй жонкай будзе ў раі жанчына, якая мела сем мужоў, Хрыстус сказаў: «Ці не таму памыляецеся, што не ведаеце ні Пісання, ні моцы Божай? Бо калі ўваскрэснуць, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, але будуць як анёлы ў нябёсах. А наконт таго, што мёртвыя ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, як Бог з цярновага куста прамаўляў да яго, кажучы: “Я Бог Абрагама, Бог Ісаака і Якуба”? Бог не ёсць Богам мёртвых, але жывых! Таму вы моцна памыляецеся».
Чаму кніжнік запытаўся, якая запаведзь найбольшая? Справа ў тым, што ў юдэяў 613 запаведзяў і ад часу, калі іх акрэслілі, яны ўсцяж вялі спрэчкі, якія з іх найважнейшыя. Першая запаведзь сярод усіх азначае, што з яе вынікаюць усе іншыя. Выкананне гэтай запаведзі дазваляе захаваць увесь закон. Запомніць усе 613 запаведзяў складана, таму засваенне адной найважнейшай спрашчае заданне.
Першая запаведзь — «Слухай, Ізраэль». Менавіта ад слухання прыходзіць любоў усім сэрцам, усёй душою, усім розумам і ўсімі сіламі, таму што Бог адзіны варты такой адданасці. Дзякуючы гэтай любові да Бога мы адкрываем другую запаведзь, якая «правярае» выканенне першай: любі бліжняга, як сябе самога. Менавіта калі слухаеш Бога, то ведаеш, як любіць самога сябе, а значыць — як любіць і бліжняга. Часам ты сам для сябе з’яўляешся перашкодай, калі, напрыклад, не можаш сабе прабачыць, а як тады ў адносінах да іншага? Любоў да самога сябе, ажно да ступені любові да ворагаў, заключана ў першай запаведзі. Любіць бліжняга трэба не толькі тады, калі ён да цябе добры, але і тады, калі ён цябе крыўдзіць. Немагчыма, аднак, любіць бліжняга без апоры на запаведзь «Слухай, Ізраэль». Таму абедзьве запаведзі ўзаемна тлумачаць сябе.
Кніжнік падкрэсліў, што любоў да Бога і бліжняга каштоўная значна больш, чым усе ўсеспаленні і ахвяры, якія складаліся ў Ерузалемскай святыні. Такім чынам, на першым месцы ставіцца ўнутраны культ Бога. Што не азначае, быццам усеспаленні і ахвяры страцілі сваё значэнне. Яны напаўняюцца значэннем пры ўмове любові ў сэрцы чалавека.
Тое, чаго хоча Бог, — гэта разумнае дзеянне чалавека, які свабодна любіць Яго ўсім сэрцам, усёй душою, усім розумам і ўсімі сваімі сіламі, якія ёсць ўнутры яго, у тым ліку ірацыянальнымі сіламі: запалам, жаданнямі і прагненнямі.
Па чым ты пазнаеш, што любіш бліжняга як сябе самога?
Чаму панаванне над сабой звязанае з любоўю да Бога і бліжняга?
Брат Юліуш Пырэк OFMCap, Польшча
- Праглядаў: 1079