8 сакавіка, чацвер
ЕВАНГЕЛЛЕ
Хто не са Мною, той супраць Мяне
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус выганяў злога духа нематы. А калі злы дух выйшаў, нямы чалавек загаварыў, і людзі здзівіліся. Але некаторыя з іх казалі: Ён выганяе дэманаў сілаю Бэльзэбула, князя дэманаў. А іншыя, выпрабоўваючы, патрабавалі ад яго знаку з неба.
Але Ён, ведаючы іх думкі, сказаў ім: Усялякае валадарства, якое падзялілася ў самім сабе, спусташаецца, і дом падае на дом. Калі ж і сатана раздзяліўся ў сабе, як устаіць валадарства ягонае? Вы ж кажаце, што Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў. А калі Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў, то сыны вашыя сілаю каго выганяюць іх? Таму яны будуць вашымі суддзямі. Калі Я пальцам Божым выганяю злых духаў, то прыйшло да вас Божае Валадарства. Калі ўзброены асілак пільнуе свой двор, у бяспецы маёнтак ягоны. Калі ж мацнейшы за яго нападзе і пераможа яго, то возьме ўсю зброю яго, на якую той спадзяваўся, і раздасць здабычу сваю. Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мною, той раскідвае.
Гэта слова Пана.
Валадарства зла эфектыўна наладжанае і непадзеленае ў сабе, таму нельга недаацэньваць яго сілу. Калі недаацэньваеш праціўніка, то можаш прайграць амаль завершаную бітву ці нават вайну. «Ён навучыць бітве рукі мае, і пальцы мае – вайне» (Пс 144, 1). Аднак, змагаючыся, трэба ведаць, на чыім ты баку. Хрыстус надзяліў Апосталаў уладай выганяць злых духаў Божай моцаю, а не ўласнай сілай. Калі дэман не дазваляе чалавеку гаварыць, то Хрыстус мацнейшы і адкрывае чалавеку вусны. Дэман пазбаўляў апантанага кантакту з іншымі, бо мова — гэта магчымасць аддаваць сябе іншай асобе, а Хрыстус вярнуў чалавеку здольнасць наладжваць кантакт.
Чалавек можа ўчыніць цвёрдым свой карак, стаць упартым і не слухаць Бога, можа стаць нават горшым за сваіх продкаў. Чалавек здольны не толькі вырачыся Божага слова, але і самога Бога, набліжаючыся гэтак да Бэльзэбула і абвінавачваючы Бога ў тым, быццам Ён — уладар цемры. Бог ёсць святло і няма ў Ім ніякае цемры. Таму, калі Бог кліча, а чалавек не адказвае, становіцца нямым, варта прыйсці па дапамогу да Хрыста, які вяртае мову і вызваляе з путаў нематы. Хрыстус прыходзіць, каб знішчыць перамогу д’ябла, у тым ліку і гэтую нямогласць адказаць на Божы заклік.
Той, хто распазнаў прыход Бога і ўдзельнічае ў святле, якім ёсць Бог, будзе суддзёю гэтага свету. Той, хто адказаў на Божае пакліканне, будзе судзіць свет. Калі бачыш зло і перамагаеш яго моцаю дабра, то ты на добрым шляху. Зла не пераможаш злом, а толькі дабром. Таму варта быць з Хрыстом, бо без Яго мы рассейваем нашыя сілы на розныя рэчы і занядбоўваем збіранне дабра на вечнасць. Часам мы можам так зацягнуцца ў барацьбу са злом, што ўжо не хапае часу на дабро. Трэба чыніць добрыя ўчынкі і пазбягаць зла.
Калі Хрыстус ведае твае думкі, то што ты робіш з адказамі, якія Ён дае на твае пытанні, жаданні і суджэнні?
Ці ведаеш ты сваё пакліканне?
Чаму Апосталы будуць суддзямі? Чыёй моцаю яны выганяюць злых духаў?
Што ты робіш у сваім жыцці: збіраеш ці рассейваеш?
Брат Юліуш Пырэк OFMCap, Польшча
- Праглядаў: 1169