Skip to main content

7 сакавіка, серада

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 5, 17–19

Хто ж выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Валадарстве Нябесным

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў: не адмяніць прыйшоў Я, але выканаць. Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, ніводная ёта, ніводная рыска не знікне з закону, пакуль не збудзецца ўсё. Таму, калі хто парушыць адну з гэтых найменшых запаведзяў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым назавецца ў Валадарстве Нябесным. Хто ж выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Валадарстве Нябесным. 

Гэта слова Пана.

 Catholic.by

Часта малады чалавек сумняваецца ў мэтазгоднасці дзесяці Божых запаведзяў, думае, што варта абыходзіцца без іх. Аднак адмяніць запаведзі спрабавала калісьці Вялікая   французская рэвалюцыя, калі замест дэкалогу ўстанавіла «скрыжалі правоў чалавека». Рэвалюцыянеры хацелі змяніць маральны закон і распачаць новую эру. Сапраўды, многае змянілася. Але палілася кроў...

Такім чынам, былі ўжо спробы адмовіцца ад Божага закону не толькі ў сэрцах моладзі. Бог сказаў: не забівай, а чалавек усцяж робіць аборты… і г. д.

Хрыстос не хацеў адмяняць закон, а хацеў выканаць яго. Ён не ўчыніў граху, а дзеля нас стаўся грахом. Ён памёр смерцю злачынцы згодна з законам і яго разуменнем юдэямі.

Чалавек не можа быць Богам, таму Хрыстос памёр згодна з правам, бо той, хто зласловіць і называе чалавека Богам, — ідалапаклоннік, таму заслугоўвае смерці. Хрыстос, аднак, — сапраўдны Божы Сын, гэта значыць Бог, Які стаў чалавекам і пацвердзіў гэта сваёю смерцю і ўваскрасеннем. Ці з-за гэтага нам трэба адмяніць закон або навучаць чамусьці іншаму? Не. Больш за тое, Хрыстос хоча, каб мы вучылі Божаму закону і вучылі выконваць яго. За гэта ёсць узнагарода ў Валадарстве Нябесным. Гэта нашая мудрасць і ўмеласць, закон ахоўвае нас і робіць жыццё справядлівым. Адначасова дзякуючы Божаму закону мы набліжаемся да праўдзівага Бога і становімся святымі, як Ён святы.

Да якой катэгорыі людзей ты прыналежыш: да тых, хто навучае Божаму закону і спаўняе яго, ці да тых, хто хоча яго змяніць?

Брат Юліуш Пырэк OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 851