2 сакавіка, пятніца
ЕВАНГЕЛЛЕ
Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ём яго
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народа: Паслухайце іншую прыпавесць: Быў адзін гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджаю, вычасаў у ім давіла, пабудаваў вежу і, аддаўшы яго вінаградарам, адышоў. Калі ж наблізіўся час збіраць ураджай, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў, каб забраць плады свае. А вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага закідалі камянямі. Ён зноў паслаў яшчэ больш слугаў, і з імі ўчынілі тое самае. Урэшце ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: Пасаромеюцца сына майго. Але вінаградары, убачыўшы сына ягонага, сказалі адзін аднаму: Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ём яго і завалодаем спадчынай ягонай. І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі. Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі? Кажуць Яму: Злодзеяў гэтых пакарае ліхою смерцю, а вінагараднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў адпаведны час. Езус кажа ім: Няўжо ж вы ніколі не чыталі ў Пісаннях: Той камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла; праз Пана гэта сталася і дзіўнае ў вачах нашых.
Таму кажу вам, што адымецца ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго.
Калі першасвятары і фарысеі пачулі Ягоныя прыпавесці, зразумелі, што Ён гаворыць пра іх. І намагаліся схапіць Яго, але баяліся людзей, бо тыя лічылі Яго прарокам.
Гэта слова Пана.
«Ізраэль любіў Юзафа больш за ўсіх сваіх сыноў», — гэтыя словы з першага чытання ўтвараюць «фон» для сённяшняй літургіі слова. Любоў з’яўляецца найважнейшым і асноўным вопытам у жыцці кожнага з нас. Дзякуючы гэтаму вопыту мы можам любіць іншых і саміх сябе. Калі няма любові, то прыняцце іншага чалавека і самога Бога становіцца вялікім выклікам. Таму слова Божае датычыць кожнага з нас. Напэўна, ніхто з нас не можа сказаць, што яму хапае любові. Не… Мы толькі слабыя людзі.
Калі браты Юзафа ўбачылі, як бацька любіць яго, то напоўніліся нянавісцю да брата ды так, што «не маглі нават спакойна размаўляць з ім». Гэта вельмі дзіўна. Здавалася б, чалавек глядзіць на любоў, але вынікам гэтага становіцца нянавісць, зайздрасць. Здавалася б, выгляд любячых асобаў напаўняе надзеяй і радасцю, вучыць любіць. Аднак не заўсёды. Пасля першароднага граху чалавек з цяжкасцю праяўляе любоў да іншых. Мы часта памыляемся наконт таго, што такое любоў. Нават больш за тое, нам нашмат лягчэй хацець таго, што дрэннае.
Дык што ж такое любоў? Айцы Касцёла гавораць, што Юзаф — гэта вобраз Хрыста. Як Юда прадаў Езуса, так і Юзафа прадалі ягоныя браты. Асоба Езуса — гэта ключ, які дазваляе зразумець гэтую гісторыю і адказаць на пытанне, што такое любоў. Каб пачуць адказ, трэба сустрэцца з Езусам, паглядзець на Яго жыццё і прасіць, каб Яго Дух дапамагаў нам. І менавіта тут разважанні заканчваюцца, а пачынаецца час майго асабістага спаткання з Богам...
Ці заўважаю я ўласныя слабасці, калі асуджаю іншых?
Ці памятаю я цуды і знакі, якія Езус зрабіў у маім жыцці?
Ці прагну ад ўсяго сэрца прабачаць маім бліжнім, якія мяне пакрыўдзілі? Ці малюся я за іх?
Брат Міхал Бачкура OFMCap, Польшча.
- Праглядаў: 798