Skip to main content

28 студзеня, Чацвёртая нядзеля звычайнага перыяду

Божае аб’яўленне  ў Старым Запавеце заўсёды праяўлялася з вялікаю моцаю. Нават калі чалавек не мог спазнаць усёй велічы Пана, тое, што ён бачыў, напаўняла яго жахам і трымценнем. Ізраэльскі народ, які ўбачыў Божую славу  на гары Хорэб, які пачуў  Яго голас, не мог прыняць той сілы, той велічы, якія аб’явіў ім Пан. Бог, бачачы людзей, якія не могуць вытрымаць Яго прысутнасці, праз Майсея паабяцаў народу Прарока. Таго, хто прыйдзе, і з моцаю будзе абвяшчаць словы Пана, навучаць шляхам справядлівасці.
У Евангеллі паводле Мацвея сустрэчы Езуса з людзьмі, апантанымі нячыстымі духамі, маюць сваю канкрэтную мэту. Нячыстыя духі мусяць аб’явіць, кім ёсць на самой справе Еэус. Праз гэта евангеліст падкрэслівае, што нават нячыстыя духі вызнаюць тое, што Езус Хрыстус з’яўляецца Сынам Божым, Які прыйшоў на зямлю. Ён не прарок, які павінен абвясціць словы Бога, ён Сын Божы, Які прыйшоў, каб аб’явіць чалавеку Божае аблічча. Ён той, хто прыйшоў нагадаць чалавеку, што Бог - гэта Айцец, а чалавек з’яўляецца Яго сынам.
Ці ўсведамляю я сябе Божым дзіцём?
Ці гатовы я, спадчыннік Нябеснага Валадарства, вызнаваць перад іншымі сваю веру ў Нябеснага Айца?


Бр. Максім Варанюк OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 1210