Skip to main content

27 студзеня, субота

Евангеліст не дае нам інфармацыі, якія вучні дакладна былі ў чаўне, ён робіць гэта для таго, каб чытач або слухач Евангелля сам знайшоў сябе ў гэтым месцы сустрэчы з Хрыстом.

Пасля працоўнага дня Езус бярэ ініцыятыву ў свае рукі і прапануе вучням пераправіцца на іншы бераг. Запрашэнне небяспечнае, бо ўжо настаў вечар, тым больш, што на самым возеры хутка ўзнікаюць буры. Звязана гэта з геаграфічным становішчам Галілейскага возера. Яно на 200 м ніжэй узроўню Міжземнага мора. Цемра, моцны вецер і бура нагадваюць падобнае здарэнне з Кнігі прарока Ёны. Як прарок, так і вучні, апынаюцца перад абліччам смерці. Здзіўленне ахоплівае іх, калі яны бачаць Езуса, Які адпачывае на карме падчас небяспекі, таму звяртаюцца да Яго з папрокам, нібы з абвінавачваннем (“не хвалюе цябе, што мы гінем”). Езус адказвае на словы роспачы, боязі і недаверу вучняў, але Яго адказ зусім іншы, чым у Ёны. Езус не просіць Бога супакоіць буру, але сам дае загад. Пасля суцішэння буры, дакараючы вучняў, Хрыстос звяртае ўвагу на іх страх як вынік недахопу веры.

Гэтая сітуацыя паказвае, што сэнс хрысціянскай веры не толькі ў словах, але ў даверы Хрысту ў кожнай жыццёвай сітуацыі.

Страх вучняў пасля таго, як яны ўбачылі цуд, зусім іншы, чым той, які яны адчувалі падчас буры. У вялікай цішыні страх іх ахоплівае ад таго, што у сваім настаўніку яны спазналі моц Бога.

Чаго ты баішся больш за ўсё?

У якой сітуацыі ты адчуў (адчула) моц Бога?

Бр. Юрый Краўчанка OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 1196