Skip to main content

26 студзеня, пятніца

Абвяшчаючы Евангелле праз прыпавесці, Езус паступова дапамагае нам зразумець Божае Валадарства, якое распачалося разам з Яго прыходам  (пар. Мк 1, 15). Адначасова, Ён сам для нас з’яўляецца Словам, Евангеллем, якое, як малое зерне, мы можам, не заўважыўшы, адкінуць, але аднойчы ўкінутае ў зямлю зерне ўзрастае і гэты рост можа быць нябачным нас. Праз гэтую прыпавесць мы шмат чаго можам убачыць у сваім жыцці. Мы часта недаацэньваем тое, што атрымалі: ласку хросту, Евангелле, Эўхарыстыю, падчас якой спажываем Цела і Кроў Хрыста і г.д. Божае жыццё, нябачнае напачатку, прыносіць плод у цішыні.

Зерне гарчыцы меншае за макавае. Такі слабы і малы пачатак Божага Валадарства мае ў сабе вялікую жыццёвую моц. Найважнейшы сэнс прыпавесці такі: тое, што спачатку малое і слабае, становіцца вялікім дрэвам. Галоўнае - не знешні эфект, а плод,  які мы прынясём у свой час.

Важна звярнуць увагу і на сам працэс узрастання зерня для тых, хто хоча хуткіх вынікаў. Мы павінны слухаць і захоўваць слова ў сваім сэрцы, як робіць зямля з зернем. Для нас у гэтай справе прыкладам з’яўляецца Марыя (пар Лк 2,19).

Ці веру я ў моц Божага слова?

Ці дазваляю слову ўзрастаць ува мне?

Якое слова сёння запрашае мяне да малітвы?

Бр. Юрый Краўчанка OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 1133