25 лютага, 2 нядзеля вялікага посту

ЕВАНГЕЛЛЕ
Гэта Сын Мой умілаваны
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Езус узяў Пятра, Якуба і Яна і павёў на высокую гару асобна іх адных. І перамяніўся перад імі. Адзенне Ягонае сталася бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць. І аб’явіўся ім Ілля з Майсеем і гутарылі з Езусам.
І на гэта Пётр сказаў Езусу: Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі. Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся. І з’явілася воблака, якое закрыла іх, і з воблака пачуўся голас: Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце.
І адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, апроч аднаго Езуса. Калі сыходзілі яны з гары, загадаў ім нікому не казаць, што яны бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых. І захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць».
Гэта слова Пана.
Увесь час мы чуем, што Бог нас вельмі любіць, што аддаў за нас свайго Сына, што жадае нам шчасця. А тут раптам гісторыя Абрагама, якому той самы Бог кажа скласці сына ў ахвяру. Калі нейкае падобнае выпрабаванне здараецца ў нашым жыцці, задаем сабе шмат пытанняў: Навошта? Ці Бог сапраўды гэтага хоча? Робім усё, што магчыма, каб змяніць гэтую сітуацыю. А “Абрагам устаў рана, асядлаў асла свайго, узяў з сабою двух юнакоў сваіх і Ісаака, сына свайго”(Род 22,3). Не ведаем, што адчуваў Абрагам, аб чым думаў, але бачым, што выконваў Божую волю. Дзякуючы сваёй паслухмянасці Абрагам стаў прыкладам веры не толькі для Ізраэля, але таксама і для хрысціян.
На жаль у нашым жыцці не ўсе гісторыі заканчваюцца так, як гісторыя Ісаака. Але гэта не азначае, што Бог любіць нас менш чым Абрагама. Бог дзейнічае ў нашым жыцці, і ўсё што робіць, мае значэнне. Гісторыя Абрагама вучыць нас, што варта давяраць Богу, нават, калі мы гэтага не разумеем.
Як я рэагую на штодзённыя цяжкасці майго жыцця?
Ці я сапраўды давяраю Богу і веру, што Ён мяне любіць?
Ці маё жыццё - гэта прыклад для іншых?
бр. Ян Садоўскі OFMCap, Італія
- Праглядаў: 692