24 лютага, субота
ЕВАНГЕЛЛЕ
Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Вы чулі, што сказана: Любі бліжняга свайго і ненавідзь ворага свайго. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.
Бо, калі вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі? Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.
Гэта слова Пана.
У развітых краінах ужо даўно адыйшлі ад прынцыпу “вока за вока, зуб за зуб”. Закон расплаты або помсты не з’яўляецца ўжо галоўным вызначальнікам справядлівасці – кіруюць крыху вышэйшыя стандарты. Аднак у штодзённым жыцці дазваляем сабе прымяняць той прынцып у іншым крыху вымярэнні: лёгка ў нас атрымліваецца любіць добразычлівых людзей і аднолькава лёгка шчыра ненавідзець ворагаў. Сёння Бог дае нам, чарговы раз на гэтым тыдні, прыклад звязаны з надвор’ем. Сонца Ягонай ласкі і дождж міласэрнасці даступны кожнаму чалавеку. Бог узлюбіў нас, калі мы былі яшчэ поўнасцю ў грахах. Любоў, якой вучыць нас Бог - гэта выбіраць дабро для іншай асобы не ставячы ўмоваў, а не толькі як адплата за атрыманае дабро. Сузіраючы любоў, якой Бог любіць цябе, без тваёй заслугі, знойдзеш у сэрцы свабоду да прыняцця рашэння, каб любіць – сябра і ворага. Так паступаючы, за кожным разам выбіраючы дабро, будзеш па-сапраўднаму верны запавету з Богам. Гэта Новы Запавет, угрунтаваны ўжо не на спісе законаў, а на любові, і быў прыпячатаны смерццю Хрыста на крыжы.
Калі б была такая магчымасць, ці адзначыў бы ты ў сваім акауанце ў сацсетках некаторых людзей як “не-сяброў”? Чаму?
Ці не ўдзельнічаеш сваімі словамі і ўчынкамі ў падзелах людзей на лепшых і горшых? Можа сам лічыш сябе членам адной з гэтых груп?
Ці молішся аб дабры для незычлівых да цябе людзей?
Брат Збігнеў Фрыска OFMCap, Англія
- Праглядаў: 1032