11 лютага, 6 нядзеля звычайнага перыяду
ЕВАНГЕЛЛЕ
Праказа сышла з яго, і ён стаў чысты
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Прыйшоў да Езуса пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго: Калі хочаш, можаш мяне ачысціць. Езус, злітаваўшыся над ім, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны. І адразу ж праказа сышла з яго, і ён стаў чысты.
Езус строга перасцярог яго і адразу адправіў, кажучы: Глядзі, нікому нічога не кажы; але ідзі, пакажыся святару і дай ахвяру за ачышчэнне сваё, як загадаў Майсей, для сведчання ім.
Але ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і шмат расказваць пра падзею, так што Езус не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, але быў здалёк, у пустэльных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль.
Гэта слова Пана.
У чытанні з Кнігі Левіта апавядаецца пра цяжкі лёс людзей, якія захварэлі на праказу. Такія людзі вельмі часта адчувалі не толькі фізічны боль, але таксама і духоўны. З таго моманту, калі святар сцвярджаў, што чалавек захварэў на праказу, хворы павінен быў знаходзіцца ў ізаляцыі ад сваіх родных, сяброў і знаёмых ажно да таго часу, пакуль не выздаравее. Беручы пад увагу тое, на якім узроўні ў старажытнасці была медыцына, можна з упэўненасцю сказаць, што такія хворыя былі змушаныя доўгі час цярпець разам з фізічным болем духоўны боль ад расстання са сваімі роднымі і блізкімі. У Кнізе Левіта чытаем такія словы: «Ён будзе нячысты ўвесь час, пакуль будзе на ім язва; ён нячысты. Будзе жыць асобна, і жыллё ягонае па-за лагерам». Адзінай надзеяй для такіх людзей было чаканне цуду, які мог учыніць Бог. Цуду, пра які ідзе гаворка ў сённяшнім чытанні з Евангелля паводле Марка.
У сучасным свеце дзякуючы навуцы медыкі навучыліся лячыць вельмі многія хваробы, якія былі невылечнымі ў старажытнасці. Аднак да гэтага часу існуе і, на жаль, распаўсюджваецца духоўная праказа. Распазнаць яе можа дапамагчы святар, але вылечыць яе можа толькі Бог. Іншага сродку ад гэтай хваробы няма. Нячысты дух, добра ведаючы гэта і жадаючы адвярнуць чалавека ад Бога, прапануе яму іншыя варыянты аздараўлення: псіхатэрапія, усходнія духоўныя практыкі. Нярэдка тое, што прапануюць сучасныя псіхолагі, не мае нічога супольнага з Божымі запаведзямі, бо часам у імя так званай «свабоды» яны заклікаюць парушыць наказы Бога. Касцёл увесь час навучае, што сапраўды свабодным чалавек можа быць толькі з Богам. Менавіта дзеля гэтай свабоды Збаўца прыйшоў у свет і аддаў за нас сваё жыццё.
Усходнія практыкі і медытацыі, якія нібыта вядуць да дасягнення дасканаласці, вельмі часта пераацэньваюць магчымасці чалавека, моцна аслабленага першародным грахом. Тым часам да сапраўднай дасканаласці чалавек можа прыйсці толькі пры дапамозе Божай ласкі.
Як у медыцыне вельмі важна зразумець прычыну хваробы, каб яе эфектыўна вылечыць, так і ў выпадку з духоўнай праказаю вельмі важна зразумець, што яе прычына — у граху і ў тым, хто не перастае актыўна спакушаць чалавека. Толькі пакорны чалавек, які спадзяецца не на дасягненні чалавецтва, а на Божую ласку, можа зразумець гэта і атрымаць аздараўленне ад духоўнай праказы.
Брат Анатоль Ярошка OFMCap, Беларусь
- Праглядаў: 1126