Skip to main content

9 лютага, пятніца

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 7, 31–37

Учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус выйшаў з зямель Тыру і прайшоў праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод межаў Дэкаполіса. І прынеслі да Яго глуханямога, і прасілі, каб усклаў на Яго руку. Адвёўшы яго далей ад натоўпу, паклаў у яго вушы свае пальцы і, плюнуўшы на іх, дакрануўся імі да ягонага языка. І, паглядзеўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: Эффата! — што значыць: Адкрыйся. І адразу ж адкрыліся вушы ягоныя і развязаліся путы языка ягонага, і пачаў гаварыць выразна. Тады Езус загадаў ім, каб нікому не казалі. Але колькі ні забараняў ім, яны яшчэ больш апавядалі. І, будучы надзвычай здзіўленымі, казалі: Ён зрабіў ўсё добра: учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць.

Гэта слова Пана.

https://Catholic.by

9 лютага, пятніца

Евангеліст адзначае, што, калі Езус аздаравіў глуханямога чалавека, «адразу ж адкрыліся вушы ягоныя і развязаліся путы языка ягонага» (Мк 7,35). Хрысціяне на працягу стагоддзяў бачылі ў гэтай сцэне вобраз Святога Хросту. Менавіта ў гэтым сакрамэнце, Хрыстус адкрывае грэшнага чалавека на ласку і надзяляе яго новым жыццём. Пасля хросту кожны з нас можа пачуць Слова Божае і пакліканы каб абвяшчаць яго іншым. Гэтае пакліканне да абвяшчэння Добрай Навіны вынікае з разумення што Бог любіць мяне, але таксама Ён любіць і іншага чалавека. І калі мы ўсе Божыя дзеці, то мой бліжні павінен даведацца аб тым што Бог яго любіць і яго адкупіў. Гэта праяўленне любові да іншага па водле таго, як гэта рабіў Езус «Як я ўзлюбіў вас» (Ян 13, 34). Чалавеку цяжка сведчыць іншым аб тым што дае яму Бог. Ласка Хросту дапамагае сведчыць перад іншымі, бо Бог пачынае прамаўляць праз чалавека.

Ці я па-сапраўднаму ўсведамляю сабе той дар, якім надзяліў мяне Бог у Святым Хросце? Ці гатовы я любіць бліжняга паводле прыкладу Езуса Хрыста?

Брат Максім Варанюк OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 971