Skip to main content

8 лютага, чацвер

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 7, 24–30

Шчаняты ядуць пад сталом крошкі ад дзяцей 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус падняўся і адышоў у межы Тыра. Увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не ведаў пра гэта, але не змог утаіцца. Бо жанчына, у якой была апанаваная нячыстым духам дачка, адразу пачула пра Яго, прыйшла і ўпала да Ягоных ног. А была яна язычніца, родам сірафініцыянка. І прасіла Яго выгнаць нячыстага духа з яе дачкі. Ён адказаў ёй: Дай спачатку насыціцца дзецям, бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам.

Яна ж адказала Яму, кажучы: Пане, але і шчаняты ядуць пад сталом крошкі ад дзяцей. Тады Ён сказаў ёй: Дзеля гэтага слова ідзі, нячысты дух выйшаў з тваёй дачкі. Калі яна прыйшла ў свой дом, убачыла, што дзяўчына ляжала на ложку, а нячысты дух выйшаў з яе.

Гэта слова Пана.

https://Catholic.by

8 лютага, чацвер

Езус сустракае жанчыну сірафініцыянку. Тое, што сустрэча адбываецца на язычніцкай зямлі і што Езус размаўляе з жанчынай язычніцкага паходжання мае вельмі вялікае значэнне. Евангелле паводле Марка, якое таксама было напісана для хрысціян язычніцкага паходжання, гэтай гісторыяй дапамагала зразумець ім іхняе месца сярод Божага народу. Хрысціянства не абмяжоўваецца адной канкрэтнай групай. Яно ўніверсальнае і ахоплівае ўсіх людзей без выключэння. Спакусай хрысціяніна ёсць думка аб сваёй “абранасці”. Я хажу ў касцёл, чытаю Біблію, спавядаюся. Я больш годны быць з Богам чым той хто грашыць увесь час. У Бога аднак няма розніцы для людзей. Міласэрнасць Божая заключаецца ў прагненні адкуплення кожнай авечкі, якая заблукала. Быць міласэрным да іншых - гэта глядзець на іх так, як глядзіць Бог. Бачыць у кожным чалавеку Божую прысутнасць, ведаць што нават найгоршы чалавек у свеце - Божае дзіця.

Як я гляжу на іншых? Ці маю я жаданне дапамагчы іншым убачыць Бога які іх любіць?

Брат Максім Варанюк OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 983