Skip to main content

7 лютага, серада

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 7, 14–23

Тое, што выходзіць з чалавека, робіць яго нячыстым

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус зноў паклікаў народ і сказаў яму: Слухайце Мяне ўсе і разумейце. Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, робіць яго нячыстым, але робіць чалавека нячыстым тое, што выходзіць з яго. 

Калі ж Ён адышоў ад натоўпу і ўвайшоў у дом, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго наконт прыпавесці. І Ён сказаў ім: Няўжо і вы такія някемлівыя? Не разумееце, што ўсё, што звонку ўваходзіць у чалавека, не можа зрабіць яго нячыстым; бо не ў сэрца ягонае ўваходзіць, а ў жывот і выходзіць вонкі. Так Ён прызнаў усялякую ежу чыстай. Далей сказаў: Тое, што выходзіць з чалавека, робіць яго нячыстым. Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць ліхія думкі, распуста, крадзеж, забойствы, зайздрасць, чужалоства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, блюзнерства, пыха, глупота. Усё гэтае зло знутры выходзіць і робіць чалавека нячыстым.

Гэта слова Пана.

https://Catholic.by

7 лютага, серада

Літургія Слова, якую нам дае Касцёл на разважанне прадсаўляе нам дзве крайнасці. З аднаго боку мы чуем пра Саламона, цара які прасіў у Бога толькі адной рэчы – мудрасці. Гэта чалавек, сэрца якога было напоўнена Божай прысутнасцю і разважлівасцю. З другога ж боку мы бачым прыклад, які прыводзіць Езус сваім вучням: сапраўдная нячыстасць, сапраўднае зло выходзіць з сэрца чалавека. Разважаючы над гэтымі прыкладамі на ўспамін прыходзіць рэфрэн з песні "Два ваўкі” гурта Luxtorpeda: ”А ў ва мне самім два ваўкі, аблічча дабра і аблічча зла. Змагаюцца паміж сабой нястомна. Перамагае той, якога я кармлю”.

Паўстае пытанне: кім я хачу быць? Як прагну дзейнічаць у сваім жыцці? Што або хто з’яўляецца для мяне арыенцірам? Сёння грамадзтва ўсе штораз больш прапагандуе патрэбу карміць “ваўка з абліччам зла”. Маўляў, калі не будзеш моцным, ваяўнічым, калі не зможаш па трупах ісці да сваёй мэты, зробіць гэта хтосьці іншы. Ды і сам ты можаш апынуцца ў ліку тых, па кім “прайшліся”. Езус жа паказвае ў сваім навучанні зусім іншую логіку. Дазволь Богу напоўніць тваё сэрца, дазволь Яго мудрасці дзейнічаць у тваім жыцці і будзеш шчаслівы. Будзеш чысты і пераможаш, але пераможаш так, як гэта робіць Бог.

Ці маё жыццё збудавана на жаданні жыць Божай мудрасцю? Якога ваўка кармлю ў сваім жыцці я? Што перамагае ў маім сэрцы?

Брат Максім Варанюк OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 1007