5 лютага, панядзелак
ЕВАНГЕЛЛЕ
Тыя, хто дакранаўся да Яго, выздараўлівалі
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Езус і вучні Ягоныя, пераправіўшыся на другі бераг, прыбылі ў Генэзарэт і прысталі да берага.
Калі яны выйшлі з чаўна, людзі адразу, пазнаўшы Яго, аббеглі ўсё наваколле і пачалі прыносіць на насілках хворых туды, дзе, як чулі, Ён знаходзіўся. І куды Ён ні прыходзіў, у вёскі, ці ў гарады, ці ў мястэчкі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго, каб яны маглі дакрануцца хоць да краю плашча Ягонага. І тыя, хто дакранаўся да Яго, выздараўлівалі.
Гэта слова Пана.
5 лютага, панядзелак
“Людзі адразу, пазнаўшы Яго, аббеглі ўсё наваколле і пачалі прыносіць на насілках хворых туды, дзе, як чулі, Ён знаходзіўся”. Сённяшняя Літургія Слова прадстаўляе нам асаблівы момант, калі Бог прыходзіць каб наведаць свой народ. Людзі якія пазналі Езуса шукалі ў Яго аздараўлення. Шукалі пазбаўлення ад хваробы цела, але не ўбачылі Бога які аздараўляе душу. Душа чалавека, хворая ад схільнасці да граху, таму ёй перш за ўсё неабходна аздараўленне.
Тое, што робіць Езус можна назваць Божай педагогікай. Ён ведае, што чалавек па сваёй слабасці прагне канкрэтных, адчувальных цудаў у сваім жыцці. Ён аздараўляючы цела прывабливае да сябе людзей, каб пачаць аздараўляць іх душы. Чын прыцягвае, а Слова і Дух перамяняюць.
Ці дазволіш ты, каб Бог цябе аздаравіў? Ці выцягнеш ты руку, каб дакрануцца да Яго адзення і паўстаць?
Брат Максім Варанюк OFMCap, Беларусь
- Праглядаў: 1048