Skip to main content

4 лютага. 5 нядзеля звычайнага перыяду

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 1, 29–39

Аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус, выйшаўшы з сінагогі, прыйшоў з Якубам і Янам у дом Сымона і Андрэя. Цешча ж Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу сказалі Езусу пра яе. Ён падышоў і, узяўшы за руку, падняў яе. І прайшла ў яе гарачка; і жанчына пачала служыць ім.

Калі ж настаў вечар і калі зайшло сонца, прынослі да Яго ўсіх нядужых і апантаных злымі духамі. А ўвесь горад сабраўся перад дзвярыма. Ён жа аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы, і выгнаў многіх злых духаў; і не дазваляў злым духам казаць, што яны ведалі Яго. А раніцай, устаўшы вельмі рана, выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся. Сымон і тыя, хто быў разам з ім, пайшлі за Ім. І, калі знайшлі Яго, сказалі Яму: Усе шукаюць Цябе. Ён адказаў ім: Пойдзем куды-небудзь у бліжэйшыя мястэчкі, каб і там прапаведаваць, бо Я дзеля гэтага прыйшоў. 

І прапаведаваў Ён у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў злых духаў. 

Гэта слова Пана.

Catholic.by 

4 лютага. 5 нядзеля звычайнага перыяду

Жыццё чалавека, асабліва ў сённяшні час напоўнена шматлікімі справамі. Сёння жыцце і існаванне ў грамадстве патрабуе ад чалавека ўсёй ягонай энергіі. Жывучы на поўных абаротах жыцця чалавек пачынае заўважаць дзве рэчы. Па першае, чалавек бачыць што ягонае жыццё гэта вецер. Чалавек гоніцца за дасягненнямі, грашамі, аўтарытэтам, рэпутацыяй… Усе гэта каб даказаць, што “я чагосьці варты”. Усе гэтыя намаганні дзеля таго, каб жыцце не было ўсяго толькі павевам ветру, які пралятае і хутка знікае. Па другое, уся гэтая мітусня прыводзіць да моманту, калі чалавек стамляецца. Людскія сілы вычэрпваюцца, жыццёвая энергія, якая біла крыніцай знікае. Штодзённае жыццё становіцца рэчаіснасцю, якая больш не радуе, а абцяжарвае. Чалавек, у пэўны момант не бачыць сэнсу далейшага змагання.

Сённяшняе Евангелле прадстаўляе нам адзін з дзён Езуса Хрыста ў Галілеі. Езус прапаведуе Евангелле, абвяшчае людзям Добрую Навіну, а яны прыходзяць каб аздаравіцца ад хваробы і вызваліцца ад злых духаў. Сённяшняе Евангелле паказвае нам як не страціць надзеі. Як сёння не зрынуцца ў бездань роспачы і бессэнсоўнасці. Езус пасля цяжкага дня працы ідзе на малітву ў пустыннае месца, туды дзе ёсць толькі Ён і Яго Айцец. Там Ён набірае сілы для свайго апостальства.

Малітва, размова з Богам які з’яўляецца тваім Айцом гэта той Power Bank, які можа наталіць цябе новай энергіяй Духа Святога, якая мацнейшая за ўсё. Гэта сіла, якая не толькі верне колеры твайму жыццю, але і дапаможа заўважыць ў ім іншы, новы сэнс.

Ці ведаю я кім ёсць мой Бог? Ці гатовы я звярнуцца да майго Айца? Ці дазваляю я каб Дух Святы перамяняў маё жыццё?

Брат Максім Варанюк OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 951