Skip to main content

3 лютага, субота

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 6, 30–34

Яны былі як авечкі без пастыра 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Сабраліся Апосталы да Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. І Ён сказаў ім: Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце. Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што нават не было ім калі паесці. І адплылі яны ў пустыннае месца на чаўне адны.

І ўбачылі, што яны адплылі, і шмат хто даведаўся; і пешкі збегліся туды з усіх гарадоў, і апярэдзілі іх. Выйшаўшы, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра; і пачаў іх вучыць многаму.

Гэта слова Пана.

Catholic.by

3 лютага, субота.
Вучні, здзіўленыя тым, што ўчынілі і як прапаведвалі, прыйшлі падзяліцца сваёй радасцю з Панам. Езус жа не рэагуе на гэта. Замест таго, каб пахваліць вучняў, якія шмат чаго зрабілі, Ён адсылае іх на пустыннае месца адпачыць. Чаму Настаўнік так зрабіў? Бо спакусай, якой маглі паддацца вучні, была думка аб уласнай сіле. Вучні замест таго, каб распавесці пра Божыя чыны, распавядалі аб тым, што самі зрабілі. Каб перасцерагчы вучняў ад спакусы прысваення сабе Божых справаў, Езус высылае іх на зацішак.
Другая адметная рыса сённяшняга Евангелля - гэта падкрэсліванне чалавечага стану. Сёння ў свеце ўсе больш і больш адчуваецца нямы стогн, плач і пытанне аб сэнсе жыцця. Чалавек у нашым сучасным свеце ўсе больш губляецца і губляе сябе. Ён мае патрэбу  кімсьці такім, хто дасць яму святло. Хто абвесціць яму Добрую Навіну.
Ці гатовы я несці іншым людзям святло Божага Слова?
Ці гатовы я змагацца за Божую праўду і за годнасць чалавека?
Ці часам не прыпісваю я сабе (свайму выхаванню, розуму) тое, што Бог праз мяне чыніць і абвяшчае?
Бр. Максім Варанюк OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 860