Skip to main content

1 лютага, чацвер

ЕВАНГЕЛЛЕ
                                                                                  Мк 6, 7–13
Пачаў высылаць іх па двое

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус паклікаў Дванаццаць і пачаў высылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі. І наказаў ім не браць у дарогу нічога, апрача толькі кія: ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў поясе, але абувацца ў сандалі і не апранаць дзвюх вопратак. І сказаў ім: Калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там, пакуль не выйдзеце адтуль. І калі ў якім месцы не прымуць вас і не будуць слухаць вас, то, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл, што пад нагамі вашымі, дзеля сведчання супраць іх. І, пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне; і выганялі шмат дэманаў, і шмат хворых намашчвалі алеем, і вылечвалі.

Гэта слова Пана.

 Catholic.by

1 лютага, чацвер
Езус высылае сваіх вучняў на тое, каб яны заклікалі да навяртання і абвяшчалі надыход Валадарства Нябеснага. Але чаму Ён сказаў ім нічога не браць з сабою? Чаму не даў ім падрыхтавацца? Тое, што зрабіў Хрыстос, мела сваю мэту – навучыць вучняў давяраць Божаму провіду. Божы провід - гэта тое, што павінна было даць вучням не толькі дах над галавою, ежу, але, перад усім, павінна было даць ім моц  абвяшчаць Божае прыйсце.
Магчымасць не клапаціцца пра тое, як забяспечыць сябе, дапамагае засяродзіцца над самім Словам, якое Бог прамаўляе праз чалавека. Дапамагае стаць уражлівым на далікатныя дотыкі Духа Святога, Які кіруе чалавекам. Дух Святы - гэта Той, Хто з’яўляецца дапамогаю і абаронаю хрысціянаў. Менавіта Ён дае патрэбнае слова, якое трапляе ў сэрца чалавека. І каб пачуць натхненні Духа Святога, чалавек павінен спачатку суцешыць свае сэрца. Даць волю духу…

Ці малюся я да Духа Святога, калі губляюся ў завіраваннях жыцця?
Ці магу я суцішыць голас свайго ўласнага эгаізму, каб пачуць голас Божай волі?
Ці гатовы я ва ўласным жыцці даверыцца Божаму провіду?
Бр. Максім Варанюк OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 1125