Вінагараднік аддасць іншым вінаградарам
Чарговы раз Езус скіроўвае сваю навуку да першасвятароў і старэйшын народа.
У цэнтры сённяшняга ўрыўка Евангелля - пытанне да слухачоў: ,,Што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?”, - і адказ Езуса: “злодзеяў гэтых пакарае ліхой смерцю, а вінаграднік аддасць іншым вінаградарам”.
Езус хоча сваёй навукай давесці слухачоў да асуджэння свайго граху, пакаяння і веры. У выніку супраціўлення словам Хрыста, гэтыя людзі дойдуць пазней да асуджэння Езуса на смерць.
Каб слова Божае трапіла да сэрца і пачало дзейнічаць, добра дазволіць слову асудзіць як нас саміх, так і спосаб нашага жыцця. Не трэба гэтага суда баяцца, бо гэта суд міласэрнасці, а не прыніжэння чалавека.
бр. Юрый Краўчанка
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Вінаграднік Пана Магуццяў — гэта дом Ізраэля
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Заспяваю прыяцелю майму
песню сябра майго пра вінаграднік ягоны:
Мой сябра меў вінаграднік
на ўрадлівай гары.
Ён ускапаў яго і ачысціў яго ад камення,
і пасадзіў у ім адборную вінаградную лазу,
і пабудаваў вежу пасярод яго,
і давіла вычасаў у ім.
Чакаў, што дасць ён гронкі вінаграду,
але ён прынёс дзікія ягады.
Дык цяпер, жыхары Ерузалема
і мужы юдэйскія,
рассудзіце мяне і вінаграднік мой.
Што яшчэ я павінен быў зрабіць для вінаградніку майго
і не зрабіў для яго?
Чаму я чакаў гронак вінаграду,
а ён прынёс дзікія ягады?
Цяпер я пакажу вам,
што я зраблю з вінаграднікам маім:
я прыбяру яго агароджу, і будзе спустошаны ён,
знішчу сцяну яго, і ён будзе затаптаны.
І прывяду яго ў запусценне:
не будуць падразаць і ўскопваць яго,
і зарасце ён цернем і пустазеллем,
і забараню хмарам ліць на яго дождж.
Вінаграднік Пана Магуццяў — гэта дом Ізраэля,
а мужы юдэйскія — Яго ўмілаваныя саджанцы;
Ён чакаў правасуддзя — і вось беззаконне;
чакаў справядлівасці — і вось крык.
Гэта слова Божае.
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Тое чыніце, і Бог спакою будзе з вамі
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.
Браты:
Ні пра што не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і мальбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя просьбы Богу. І спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Езусе.
Нарэшце, браты, што ёсць праўдзівае, што годнае, што справядлівае, што беззаганнае, што ласкавае, што хвалебнае, калі гэта нейкая цнота або нешта годнае пахвалы — пра гэта думайце. Чаму навучыліся, і што прынялі, і пачулі, і ўбачылі ўва мне, тое чыніце, і Бог спакою будзе з вамі.
Гэта слова Божае.
ЕВАНГЕЛЛЕ
Вінагараднік аддасць іншым вінаградарам
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народа: Паслухайце іншую прыпавесць: Быў адзін гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджаю, вычасаў у ім давіла, пабудаваў вежу і, аддаўшы яго вінаградарам, адышоў. Калі ж наблізіўся час збіраць ураджай, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў, каб забраць плады свае. А вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага закідалі камянямі. Ён зноў паслаў яшчэ больш слугаў, і з імі ўчынілі тое самае. Урэшце ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: Пасаромеюцца сына майго. Але вінаградары, убачыўшы сына ягонага, сказалі адзін аднаму: Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ём яго і завалодаем спадчынай ягонай. І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі. Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі? Кажуць Яму: Злодзеяў гэтых пакарае ліхою смерцю, а вінагараднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў адпаведны час. Езус кажа ім: Няўжо ж вы ніколі не чыталі ў Пісаннях: Той камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла; праз Пана гэта сталася і дзіўнае ў вачах нашых.
Таму кажу вам, што адымецца ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго.
Гэта слова Пана.
Папярэднія каментары можна прагледзець тут: Каментары
- Праглядаў: 1880