ФМ Тау - гэта супольнасць каталіцкай моладзі, якая ў моцы Святога Духа, праз бесперапыннае навяртанне і пакуту па прыкладзе святога Францішка прыпадабняецца сваім уласным жыццём да Езуса Хрыста Укрыжаванага і Уваскрослага; вучыцца пакоры, дасканалай любові і радасці. Супольнасць ФМ Тау з'яўляецца маладой часткай францішканскай сям'і, да якой адносяцца таксама браты-францішкане, сёстры-кларыскі і Францішканскі ордэн свецкіх.

Супольнасць ФМ Тау міжнародная - яна існуе ў Польшчы, Украіне і ў іншых краінах. У Беларусі супольнасці існуюць пры капуцынскіх кляштарах у Менску, Маладзечне, Слоніме, Докшыцах і Смалявічах.
У супольнасцях моладзь на працягу некалькіх год праходзіць фармацыю; таксама раз у сезон адбываюцца рэкалекцыі - у якіх можа прымаць удзел кожны, хто ўзростам прыналежыць да моладзі, - а летам адбываецца наступны фармацыйны этап. Каб распачаць фармацыю ў супольнасці ФМ Тау, неабходна перажыць летнія рэкалекцыі Spoleto, якія адбываюцца штогод.

Місія ФМ Тау:
- Прыпадабненне да Езуса Хрыста праз навяртанне (працэс пераходу ад "жыцця ў граху" да "жыцця ў радаснай пакуце");
- Будаванне супольнасці паміж сабой, з людзьмі па-за супольнасцю;
- Дапамагаць адно аднаму разпазнаваць жыццёвае пакліканне;
- Пражываць любоў да Бога і Касцёла, да сябе самога і іншых людзей у францішканскім духу.
Усе гэтыя мэты супольнасць рэалізуе праз жыццё Евангеллем, падпарадкаванне вучэнню Каталіцкага Касцёла, узбагачэнне духоўным зместам лістоў і біяграфій святых апекуноў, а таксама трыманне статуту ФМ Тау.
На шляху фармацыі моладдзі спадарожнічаюць браты меншыя капуцыны.

Нашыя святыя заступнікі: святы Францішак з Асізі, святая Клара з Асізі, жыцце і лісты якіх выкарыстоўваюцца на шляху навяртання ФМ Тау; а таксама святая Маргарыта з Картонэ і святы Бернард з Карлеонэ, якія праз сваю гераічную любоў, пакуту і малітву вучаць моладзь быць падобнымі да Хрыста Укрыжаванага.

Калі табе ад 14 да 30 гадоў і ты таксама хочаш быць у супольнасці ФМ Тау, звяртайся да братоў меншых капуцынаў, Францішканская сям'я цябе прыме!