Хатні Касцёл

Хатні Касцёл з’яўляецца сямейна-сужонскім рухам свецкіх у Касцёле, працуе ў рамах Руху Святло-Жыццё, які з’яўляецца адным з рухаў адновы Касцёла ў Польшчы пасля ІІ Ватыканскага Сабора. Хатні Касцёл яднае ў сабе харызматы Руху "Святло-Жыццё" і міжнароднага руху каталіцкіх сужонкаў Equipes Notre-Dame (END), чым стварае ўласцівую для сябе дарогу.

Хатні касцёл

Заснаваў Хатні Касцёл Слуга Божы кс. Францішак Бляхніцкі (1921-1987), а ў справе развіцця супольнасці з ім цесна супрацоўнічала сястра Ядвіга Скурдо RSCJ.

Духоўнай калыскай Хатняга Касцёла з’яўляецца Красценка над Дунайцам, дзе ў 1973 годзе адбыліся першыя аазісы сямей, а зараз існуе Цэнтр Руху "Святло-Жыццё".

Знакам Хатняга Касцёла з’яўляюцца два грэцкія словы “FOS” (святло) і “ZOE” (жыццё), упісаныя ў крыж, што вырастае паміж двух з’яднаных пярсцёнкаў, якія разам з крыжам змешчаны ў стылізаванай фігурцы доміка. Хатні Касцёл таксама карыстаецца знакам END – іконы Святой Сям’і.

Свята Хатняга Касцёла – Нядзеля Святой Сям’і.

Фармацыйным выданнем Хатняга Касцёла з’яўляецца “Хатні Касцёл. Ліст да сямейных супольнасцяў”, які выходзіць з 1975 года, яго першым рэдактарам быў Слуга Божы кс. Францішак Бляхніцкі.

Хатні касцёл

Хатні Касцёл звяртае асаблівую ўвагу на духоўнасць сужонкаў, альбо імкненне да святасці разам з сужонкам. Хоча дапамагчы сужонкам, якія трываюць у сакрамэнтальным шлюбе, пабудаваць паміж сабой сапраўдную еднасць, якая адначасова стварае найлепшыя ўмовы для добрага выхавання дзяцей у духу хрысціянства.

Хатні Касцёл імкнецца да адновы сужонства і сям’і праз:

  • жыццё Словам Божым, каб яно стала словам жыцця;
  • жыццё малітвай як асабістым спатканнем з Хрыстом, сваім Збаўцам;
  • жыццё сакрамэнтамі, асабліва Эўхарыстыяй;
  • сведчанне аб сваім спатканні з Хрыстом у сужонстве, сям’і, з іншымі людзьмі;
  • служэнне ў супольнасці Касцёла, паводле атрыманых дароў.

Дзякуючы ўвядзенню ў жыццё фармацыйных элементаў (малітва асабістая і супольная, рэгулярнае спатканне з Божым словам, сістэматычная праца над сабой і сваім сужонствам, сужонскі дыялог, удзел у рэкалекцыях і інш.) наступае індывідуальнае збліжэнне сужонкаў з Богам і ўзрастанне іх духоўнасці. Гэтыя элементы не мэта сама па сабе, а сродак для дасягнення мэты. Іх рэалізацыя ў сужонстве адбываецца праз штодзённыя намаганні сужонкаў, якія распачынаюць і рэалізуюць прапанаваныя абавязкі і праз узаемную дапамогу сужонкаў з кола на шляху да святасці (ідэя малой групы як неабходнага асяроддзя для ўзросту ў веры).

У Хатнім Касцёле сям’я з’яўляецца асноўным месцам фармацыі, а кола, якое ствараюць 4-7 сужонстваў, асноўным элементам у яго арганізацыйнай структуры як асяроддзя фармацыйнага і евангелістычнага. Кола з’яўляецца асноўнай структурай Хатняга Касцёла. На сустрэчах кола, якія праходзяць раз на месяц, яго ўдзельнікі ў духу сяброўства і ўзаемнай павагі дзеляцца з іншымі сваімі перамогамі і няўдачамі. Тут можна пачуць добрую параду ад сяброў, атрымаць дапамогу і — што самае каштоўнае — малітоўную падтрымку, так неабходную падчас выпрабаванняў і цяжкасцяў. Вопыт сямейных сустрэчаў паказвае, што іх удзельнікі з часам становяцца, нібы родныя, бо іх яднае сам Езус Хрыстус.

Членамі Хатняга Касцёла з’яўляюцца сужонствы, якія маюць сакрамэнтальны шлюб, якія супольна (муж і жонка) заняты ў прапанаванай ім фармацыі. Яны па ўласнай волі далучаюцца да колаў, каб ўзаемна дапамагаць адзін аднаму. “Роўныя служаць роўным”.

Кола Хатняга Касцёла пры парафіі св. Казіміра ў г. Маладзечна створана ў 2004 годзе. У цяперашні час мадэратарам кола з`яўляецца бр. Андрэй Жылевіч. Сем`і імкнуцца праз узаемную дапамогу набліжацца да Бога, жыць у сужонстве  разам, а не побач.